Як паведамляюць калегі Андруся Козела, інцыдэнт адбыўся на адным з выбарчых участкаў у Цэнтральным раёне сталіцы, дзе ён быў назіральнікам і вёў трансляцыю ў Фэйсбуку.
Здарэнне адбылося на выбарчым участку №27, удакладняе сайт БАЖ. Андруся Козела затрымалі чацвёра супрацоўнікаў міліцыі.
— Андрусь паспеў распавесці, што міліцыянты збілі яго пры затрыманні і яго галавой разбілі шкляныя дзверы на выбарчым участку, таму ўся галава аказалася рассечанай да крыві.
Ён вёў стрым з выбарчага ўчастка. Міліцыянты паспрабавалі забараніць яму гэта рабіць, але Андрусь патлумачыў, што мае права здымаць. Тады яго схапілі і сілай выцягнулі з залі, разбіўшы галавою дзверы, — расказала Беларускай асацыяцыі журналістаў жонка Козела Вольга Чайчыц.
Вольга Чайчыц разам з калегамі прыехала ў Цэнтральны РУУС. Дзяжурныя паведамілі ёй, што на Андруся Козела складаюць пратакол за непадпарадкаванне міліцыі.
Па словах Вольгі, людзі бачылі акрываўленага журналіста, калі яго заводзілі ў пастарунак, аднак "хуткай дапамогі" ў пастарунку яшчэ не было.
Крыніца: Мінск: на выбарчым участку міліцыя збіла аператара “Белсату”