У Оршы ў дзень асноўнага галасавання выбарчыя камісіі з мэтай забеспячэння яўкі робяць стаўку на галасаванне на даму. У спісах некаторых УВК колькасць выбаршчыкаў, прагаласаваўшых на даму, удвая перавышае колькасць тых, хто прыйшоў галасаваць на ўчастак. Сябры камісій з перанаснымі скрынямі для галасавання заяўляюцца да выбаршчыкаў, якія іх пра гэта не прасілі, і пазбаўляюцца ад пільных назіральнікаў ад апазіцыі.
Пра гэта распавёў наш назіральнік Ігар Казмерчак.
Паводле яго, сёння ў Оршы зафіксаваны некалькі выпадкаў на розных выбарчых участках, калі да людзей дадому прыходзілі сябры камісій з перанасной скрыняй, а яны ўвогуле не хацелі галасаваць і нікога прыходзіць не прасілі.
У сувязі з гэтым, паказальная сітуацыя была на выбарчым участку №16 у СШ №5. Назіральніку дазволілі паехаць на галасаванне на даму з адной з брыгадаў. Лавіць выбаршчыкаў давялося вельмі актыўна, але са 100 бюлетэняў, якія выдалі сябрам камісіі, удалося запоўніць толькі 14 - людзі або не адчынялі дзверы, або адмаўляліся галасаваць. Затое другая брыгада, якая атрымала 200 бюлетэняў і паехала без назіральнікаў, праз тры гадзіны вярнулася з поўнаю скрыняю. Канешне, другі раз назіральніка на галасаванне на даму ўжо не пусцілі, а бліжэй да 14-й гадзіны і ўвогуле выдалілі з участка.
Прычынай для выдалення Міхаіла Чэмуракі, які назіраў на ўчастку №16 ад АГП, сталі “кепскія паводзіны”. Камісія яму вусна патлумачыла прычыны: па-першае, ён не павітаўся, калі з’явіўся на ўчастак, а па-другое, калі ішоў да старшыні камісіі, каб спытаць, чаму яго не хочуць зноў узяць на галасаванне па месцы жыхарства, то прайшоў каля скрыняў для галасавання.
На ўчастку №8, дзе назірае Яўген Анішчанка - давераная асоба кандыдата ад АГП Алены Кучынскай, камісія таксама праявіла сябе: па стане на 13:55 на ўчастак, па падліках назіральніка, прыйшло 130 выбаршчыкаў, затое ў спісах для галасавання на даму ўжо было запісана 265.
Увогуле ж, як адзначае Казмерчак, ужо ў пятніцу 16 лютага назіральнікам ад дэмакратычных арганізацый і правабаронцам стала відавочна, што мясцовыя выбарчыя камісіі Оршы хочуць паставіць рэкорд па колькасці прагаласаваўшых на гэтых не шмат каму цікавых выбарах. На ўчастку №14 у СШ №8 па падліках назіральнікаў за дзень прагаласавала 37 выбаршчыкаў, а па дадзеных камісіі - 51. На ўчастку №16 - 125 у назіральнікаў і 276 у камісіі. На ўчастку № 29 – адпаведна 73 і 103, на участку №35 – 60 і 189, на ўчастку №36 – 70 і 136. Пры гэтым пакоі, дзе знаходзіліся скрыні для датэрміновага галасавання, не былі апячатаныя (як прагаварыліся некаторыя сябры камісіі - па загадзе начальніка арганізацыйнага аддзела райвыканкама Віктара Калачова).
Але далей рабілася ўсё цікавей - спісы выбаршчыкаў, якія хацелі прагаласаваць на даму, раслі з неверагоднай хуткасцю. У пятніцу на многіх участках у гэтых спісах было па некалькі сотняў чалавек: на ўчастку №16 - 271, на ўчастку №11 - 186, на ўчастку №14 - 158, на ўчастку №29 - 273, на ўчастку №28 - 213, на ўчастку №36 – 273, і яны працягвалі расці, дайшоўшы ў некаторых выпадках да 300 - 400 чалавек.
Адкуль жа такая колькасць людзей, якія паленаваліся пайсці прагаласаваць самі? Усё больш-меньш стала зразумела ў асноўны дзень галасавання: ніхто ў гэтых людзей і не запытваў, ці хочуць яны прагаласаваць на даму.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Крыніца: Орша: УВК даюць нерэальныя лічбы па галасаванні на даму і пазбаўляюцца ад назіральнікаў