17.03.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, грамадства, палітвязні, пераслед, рэпрэсіі 17 сакавіка 2023 года ў Мінскім гарадскім судзе вынесены прысуд палітзняволеным Валерыі Касцюговай і Таццяне Кузінай, паведамляе "Еўрарадыё".  Іх асудзілі да дзесяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму кожную.     У залежнасці ад ролі кожнай іх прызналі вінаватымі паводле трох артыкулах КК: ч. 1 арт. 357 (дапамаганне дзеянням, учыненым з мэтай захопу ўлады), ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы) і ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці).

Справа разглядалася ў закрытым рэжыме, таму падрабязнасці разгляду пасяджэння невядомыя. Справу разглядзела суддзя Дзіна Кучук.

Валерыя Касцюгова — паліталагіня, заснавальніца і рэдактарка сайта экспертнай супольнасці «Наша меркаванне», рэдактарка і аўтарка «Беларускага штогодніка» і кіраўніца групы экспертаў па маніторынгу «Беларусь у фокусе». Яе затрымалі 30 чэрвеня 2021 года.

Таццяна Кузіна — сузаснавальніца школы маладых менеджараў публічнага адміністравання Sympa, экспертка даследчага праекта bipart. Была затрымана ў Мінску ўначы з 28 на 29 чэрвеня 2021 года.

Падтрымаць іх: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2

Валерыя Барысаўна Касцюгова, Таццяна Сяргееўна Кузіна

Крыніца: Палітзняволеных Валерыю Касцюгову і Таццяну Кузіну асудзілі да дзесяці гадоў пазбаўлення волі кожную