17.02.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні У Гомельскім абласным судзе 17 лютага вынеслі прысул па "справе Рабочага Руху". Дзесяць палітзняволеных — Сяргей ШэлестУладзімір Жураўка, Андрэй Пагерыла, Ганна АблабАляксандр ГашнікаўСяргей ДзюбаІгар МінцВалянцін Цераневіч, Сяргей ШамецькаАляксандр Капшуль — асуджаныя на тэрміны ад 11 да 15 гадоў калоніі. Іх усіх абвінавацілі ў здрадзе дзяржаве, а таксама па шэрагу іншых артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Усе палітвязні па справе не прызналі віны. Працэс вёў суддзя Аляксандр Піскуноў. Пад вартай палітвязні ўтрымліваюцца каля года і пяць месяцаў.

Суд па справе
Суд па справе "Рабочага Руху". Фота: gp.by

Якія тэрміны прызначылі палітвязням?

  • Сяргей Шэлест паводле арт. 188 КК (паклёп), ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве), ч. 3 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і ўдзел у ім) — 14 гадоў калоніі;
  • Уладзімір Жураўка паводле арт. 188 КК (паклёп), ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве), ч. 3 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і ўдзел у ім) — 15 гадоў калоніі;
  • Андрэй Пагерыла паводле арт. 188 КК (паклёп), ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве), ч. 3 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і ўдзел у ім) — 14 гадоў калоніі;
  • Ганна Аблабпаводле ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве), ч. 3 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і ўдзел у ім) — 11 гадоў калоніі;
  • Аляксандр Гашнікаў паводле ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве), ч. 3 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і ўдзел у ім) — 14 гадоў калоніі;
  • Сяргей ДзюбаІгар МінцВалянцін Цераневіч і Сяргей Шамецька паводле ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве), ч. 3 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і ўдзел у ім) — 12 гадоў калоніі;
  • Аляксандр Капшуль паводле ч. 2 арт. 295 КК (Незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі), ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве), ч. 3 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і ўдзел у ім) — 15 гадоў калоніі.

Усе 10 фігурантаў справы заявілі суду, што сваю віну ў "дзяржаўнай здрадзе" і "стварэнні экстрэмісцкага фармавання" не прызнаюць. Толькі Андрэй Пагерыла пагадзіўся толькі з абвінавачаннем у "паклёпе".

У чым іх усіх абвінавацілі? 

Суд па справе
Суд па справе "Рабочага Руху". Фота: gp.by

Згодна з матэрыяламі справы ўдзельнікі "Рабочага руху", "ажыццяўлялі супрацьпраўную дзейнасць па зборы і наступнай перадачы замежнай дзяржаве і арганізацыі, іх прадстаўнікам (у тым ліку спецслужбам ЗША і Літвы) службовай інфармацыі абмежаванага характару ў дачыненні да беларускіх суб'ектаў гаспадарання пра спосабы абыходу мер абмежавальнага характару (санкцый), а таксама механізмах процідзеяння такім спосабам". Паведамляецца, што некаторыя абвінавачаныя планавалі варыянты блакавання вытворчасці на "Гродна Азот" і "БМЗ".

18 кастрычніка 2021 года — амаль праз месяц пасля затрымання фігурантаў справы — "Рабочы Рух" быў прызнаны экстрэмісцкім фарміраваннем. Гэта стала першым экстрэмісцкім фармаваннем у Беларусі. У судзе Цэнтральнага раёна Мінска 9 лютага 2022 года, на трэці месяц суда па "справе Рабочага Руху", разгледзелі скаргу на рашэнне Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь аб прызнанні групы грамадзян экстрэмісцкім фармаваннем, забароне яго дзейнасці. Разгляд скаргі праходзіў у закрытым рэжыме, таму яго вынікі невядомыя. Але ў сувязі з тым, што палітвязняў абвінавацілі ў "стварэнні і ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні", можна меркаваць, што скарга была пакінутая без задавальнення.

Як праходзіў суд?

Аляксандр Капшуль. Фота: gp.by
Аляксандр Капшуль. Фота: gp.by

Судовы працэс распачаўся 9 лістапада ў Гомельскім абласным судзе. У справе 30 тамоў матэрыялаў справы. Сярод іх ёсць засакрэчаныя, якія вывучаліся ў закрытым рэжыме. На судзе ўсе палітвязні адмовіліся даваць паказанні да агучвання сакрэтнага тома, таму агучылі іх ранейшыя паказанні, якія яны давалі падчас следства ў КДБ. Тады допыты фіксавалі на відэа – яны дэманстраваліся ў зале суда. На працэсе стала вядома, што Zoom-канфэрэнцыі запісваў супрацоўнік ад спецслужб — гэта з'яўляецца адным з галоўным доказам па справе. На працэсе агучылі падрабязнасці таго, як і хто ствараў і распаўсюджваў розныя ўлёткі ў пэрыяд 2020–2021 гадоў. Таксама зачыталі пратаколы допытаў абвінавачаных і сведак. На гэтым тыдні суд перайшоў да прагляду запісаў zoom-канфэрэнцыяў. На іх у тым ліку прысутнічалі Святлана Ціханоўская і прадстаўнікі яе штабу.

"Паказвалі, што на zoom-канфэрэнцыях больш за іншых выступала Аляксандра Логвінава, прадстаўніца штабу Ціханоўскай. Відавочна, нехта запісваў іх. Але наўрад ці агучаць, хто гэта быў. На zoom-канфэрэнцыях вельмі шмат балбатні, такое "ні пра што". Пакуль нейкіх радыкальных ідэяў, у якіх абвінавачваюць "Рабочы рух", не прагучала там. Але іх шмат і праглядаць у судзе іх будуць яшчэ доўга. Абмяркоўвалі эканамічныя санкцыі і тое, як яны могуць паўплываць на працу буйных прадпрыемстваў", — расказала Свабодзе крыніца, якая была на паседжаннях.

27 снежня працэс закрылі – да гэтага ён праходзіў у адкрытым рэжыме. Напачатку года стала вядома, што з 31 снежня Аляксандр абвясціў галадоўку супраць парушэння заканадаўства падчас яго ўтрымання ў гомельскім СІЗА. Галадоўка цягнецца да гэтага часу, пры гэтым першыя некалькі дзён ён трымаў сухую галадоўку. Вядома, што Аляксандра Капшуля 10 лютага змясцілі ў карцар СІЗА № 3.

Як падтрымаць палітвязняў? 

Суд по делу
Суд па справе "Рабочага Руху". Фота: gp.by

Фігурантаў справы можна падтрымаць грашовымі пераводамі, пасылкамі і лістамі па адрасе: СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А

Крыніца: Ад 11 да 15 гадоў калоніі: дзесяць палітвязняў асудзілі па "справе Рабочага Руху"