17.02.2023 Тэгі: заканадаўства, смяротнае пакаранне Віктар Скрундзік у судзе. Фота: spring96.org Каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання" Андрэй Палуда паведаміў, што стала вядома дата прывядзення ў выкананне смяротнага прысуда ў адносінах да случака Віктара Скрундзіка. Прысуд у адносінах да яго ўступіў у сілу 4 траўня 2021 года. Згодна дакументаў, якія ёсць у распараджэнні правабаронцаў, Віктар Скрундзік быў растраляны 16 ліпеня 2022 года. Беларускія ўлады прывялі ў выкананне смяротны прысуд праз адзін год і паўтара месяца.

Нагадаем, Мінскі абласны суд на выязным пасяджэнні ў Слуцку 6 сакавіка 2020 года асудзіў трох жыхароў Случчыны да вялікіх тэрмінаў зняволення, а Віктара Скрундзіка – да смяротнага пакарання. Іх абвінавацілі ў забойстве пенсіянераў і замаху на забойства 85-гадовай жанчыны. Але праз некалькі месяцаў калегія Вярхоўнага суда па крымінальных справах адмяніла смяротны прысуд Віктару Скрундзіку ў парадку апеляцыі. Справу вярнулі на новы разгляд у Мінскі абласны суд.

15 студзеня 2021 года Мінскі абласны суд на выязным пасяджэнні ў Слуцку вынес такія ж прысуды, як і ў першы раз. У адносінах да Віктара Скрундзіка быў зноў вынесены смяротны прысуд. Праз пяць месяцаў Вярхоўны суд зноў разгледзеў апеляцыйную скаргу случака – у гэты раз калегія не задаволіла яе. 4 траўня 2021 года смяротны прысуд уступіў у сілу.

Гэта ўжо не першы выпадак, калі правабаронцы і грамадскасць даведваюцца пра лёс асуджанага да смяротнага пакарання праз такі дастаткова доўгі тэрмін. Напрыклад, Віктар Паўлаў быў растраляны 13 траўня 2021 года, а яго сваякі атрымалі дакументы толькі у лістападзе 2021 года, увесь гэты час яны знаходзіліся ў няведанні яго лёсу.

Варта нагадаць, што да гэтага правабаронцам невядомы лёс Віктара Сергеля, асуджанага да смяротнага пакарння 25 кастрычніка 2019 года. 31 студзеня 2020 года пры разглядзе апеляцыйнай скаргі яму было адмоўлена ў змене меры пакарання, і з таго часу ён мог бы быць расстраляны фактычна ў любы час.

Андрэй Палуда адзначыў, што праваабаронцам невядомыя выпадкі вынясення смяротных прысудаў у 2022 годзе:

"Увогуле варта адзначыць, што пытанне смяротнага пакарння заўсёды знаходзілася пад заслонай сакрэтнасці, а цяпер маніторынг гэтых справаў адбываецца яшчэ складаней. Таму сцвярджаць, што ў 2022 годзе не былі прыведзеныя ў выканне смяротныя прысуды, не можам. Мы выкарыстоўваем дастаткова асцярожную фармуліроўку аб тым, што нам аб іх невядома".

Акрамя гэтага, каардынатар кампаніі адзначыў, што праблема смяротнага пакарння ў краіне ў 2022 годзе была ў фокусе ўвагі, у тым ліку праз некаторыя сур’ёзныя змены ў заканадаўства, згодна з якім цяпер прадугледжана смяротнае пакаранне за “замах на акт тэрарызму”.

“Гэтыя змены заканадаўства адкрываюць яшчэ большыя вароты: бо нават за тое, што чалавек яшчэ не здзейсніў, могуць асуджаць да смяротнага пакарання. Канешне, прэцэдэнтаў па гэтых зменах пакуль няма. Але, як кажуць пра тое ружжо, якое вісіць на сцяне: можа прыйсці такі момант у гэтым усім спектаклі, калі яно стрэліць. І гэта, дарэчы, карэлюецца з тым, пра што мы ўвесь час не толькі гаварылі, але крычалі. І нас не чулі. Мы крычалі і прасілі: "Паслухайце нас!" – а нас не чулі. Ці, прынамсі, чулі не ўсе. Магчыма, мы зараз можам дагрукацца да людзей", каментаваў заканадаўчыя змены Андрэй Палуда.

Актуальную інфармацыю пра стан смяротнага пакарання ў Беларусі можна адсочваць у Telegram-канале "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі"

Крыніца: Смяротны прысуд у адносінах да случака прывялі ў выкананне праз адзін год і паўтара месяца