16.02.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед Некалькі дзён Віцебскі абласны суд у закрытым рэжыме разглядваў крымінальную справу хірурга-трансплантолага Аляксея Аляксейчыка, абвінавачанага ў закліках да мер абмежавальнага характару (санкцый), ці іншых дзеяннях, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса).
Справу разглядаў суддзя Яўген Буруноў.
Аляксей Аляксейчык больш за 20 гадоў працаваў лекарам-трансплантолагам у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры дзіцячай анкалогіі і гематалогіі. Ён зрабіў мноства аперацый па перасадцы касцявога мозгу і лічыцца адным з найлепшых спецыялістаў цэнтра.
У 2020-м супрацоўнікі Цэнтра адкрыта выступілі супраць гвалту з боку сілавікоў. У выніку ў лістападзе 2020-га была звольненая дырэктарка цэнтра Наталля Канапля, пасля чаго былі затрыманыя яшчэ некалькі супрацоўнікаў, у тым ліку і Аляксейчык.
Суд прызнаў 16 лютага Аляксейчына вінаватым і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на два з паловай гады ва ўмовах агульнага рэжыму, паведамляе MAYDAYMog.
Крыніца: Вядомага лекара-трансплантолага асудзілі ў Віцебску за заклікі да санкцый