02.02.2023 Тэгі: ціск, рэпрэсіі, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 2 лютага 2023 года збірае факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
ГУБАЗіК затрымаў адміністратара тэлеграм-канала "Па-беларуску"
Як паведамляе "Наша Ніва", затрыманага зваць Андрэй Філіпчык.
«Пакаяльнае відэа» з ім з'явілася ў праўладным тг-канале. У ім хлопец кажа, што ўдзельнічаў «у несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў не меней за пяць разоў». Ён працуе ў ААТ «Люксофт» праграмістам. Сілавікі прымусілі яго назваць свой заробак.
У затрыманага дома знайшлі нацыянальны сцяг, герб Пагоня і іншыя рэчы з нацыянальнай сімволікай. Сілавікі асобна адзначылі, што хлопец уладальнік карты паляка. Яе паказалі ў відэа.
Тг-канал «Па-беларуску» публікуе жарты і мемы на беларускай мове. Сілавікі пішуць, што на канале прасоўваліся «лацінка і нянавісць да рускамоўнай сацыякультурнай прасторы».
Гамяльчука Дзмітрыя Шаўчэнку завочна асудзілі да 15 сутак арышту
Сёння ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля разглядзелі справу 47-гадовага рамесніка Дзмітрыя Шаўчэнкі. Яшчэ 12 снежня 2022 года супраць яго склалі пратакол паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).
Сам Дзмітрый на суд не прыйшоў, але гэта не перашкодзіла суддзі Віктару Казачку разглядзець справу без асобы, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс. У выніку суд пастанавіў прызнаць Шаўчэнку вінаватым і прызначыць яму 15 сутак арышту.
У Оршы арыштаваная зааабаронца Алена Мірашнічэнка
Сёння нечакана адбыўся арышт і адразу ж суд над Аленай Мірашнічэнка, паведамляюць аршанскія праваабаронцы.
Алена — вядомая ў Оршы зааабаронца. Ініцыятыва «Хвосцікі» ў якой удзельнічае Алена, штомесяц дапамагае дзясяткам бадзяжных жывёлаў. Пару дзён таму ёй даслалі павестку з пазнакай, што супраць яе распачата адмінсітрацыйная справа. Сёння днём Алена па павестцы з'явілася ў міліцыю і яе арыштавалі. Наколькі нам вядома, яе абвінавацілі ў правядзенні несанкцыянаванага масавага мерапрыемства.
Адразу ж адбыўся і суд. Алену асудзілі на 15 сутак. Падобна на тое, што прычынай затрымання стала тое, што Алена ў двары аднаго з дамоў правяла забаўляльна-адукацыйную сустрэчу з жыхарамі дома, каб патлумачыць як правільна абыходзіцца з бадзяжнымі жывёламі.
У "тэрарыстычны спіс" дадалі яшчэ восем беларусаў — цяпер у ім 1011 чалавек
Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явіліся прозвішчы яшчэ васьмі чалавек.
Сярод іх старшыня незалежнага прафсаюза на «Беларуськаліі» Аляксандр Мішук, старшыня першаснай прафсаюзнай арганізацыі Свабоднага Саюза металістаў на МАЗе Арцём Жарнак, а таксама Максім Бас, Данііл Чаўнакоў , Дзмітрый Іванчанка, Міхаіл Нямцоў, Юрый Трапачоў і Андрэй Краўчук.
Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1011 чалавек, з іх 264 — беларусы.
Інфармацыя дапаўняецца.
Крыніца: Новыя затрыманні, абнаўленні "тэрарыстычнага спіса": хроніка пераследу 2 лютага