16.01.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед У Савецкім судзе Мінска 16 студзеня асудзілі палітзняволеную экскурсаводку Валерыю Чарнаморцаву паводле ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Вольга Емяльянчанка прызначыла Валерыі два з паловай гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняй хіміі").
Валерыю затрымалі 18 кастрычніка 2022 года ў Мінску пасля ператрусу ў кватэры. Спачатку яе арыштавалі на 10 сутак, пасля перавялі ў СІЗА-1 і завялі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе.
Валерыя Чарнаморцава – даследчыца беларускіх вязняў ГУЛАГу, актывістка БХД, экскурсаводка. Яна спрычынілася да стварэння Віртуальнага музея савецкіх рэпрэсій у Беларусі.
«Аднойчы працу гэтай жанчыны параўналі з дзейнасцю цэлага навукова-даследчага інстытута» — болей даведацца пра Валерыю можна ў артыкуле «Новага часу».