28.11.2022 Тэгі: адміністратыўны перасьлед, умовы ўтрыманьня, катаваньні, рэпрэсіі Жонку палітзняволенага Арцёма Анішчука, які раней зазнаў катаванні ў магілёўскай калоніі і быў асуджаны па двух крымінальных справах, Вольгу затрымалі 4 лістапада. Яе два разы арыштоўвалі за перасылы з "экстрэмісцкіх" тэлеграм-каналаў паведамленняў у асабістай перапісцы агулам на 24 дні. Перад другім перазатрыманнем на праўладных тэлеграм-каналах з'явілася з ёй "пакаяльнае" відэа, дзе называецца сапраўдная прычына затрымання Вольгі — "нагнятала ўкідамі і фэйкамі сітуацыю вакол пенітэнцыярнай сістэмы, закідвала дзяржорганы надуманымі скаргамі". Сёння яна мусіла выйсці на волю, але яе зноў затрымалі і асудзілі. Акрамя гэтага, днямі яе перавезлі з ІЧУ на Акрэсціна ў ІЧУ Магілёва, хоць суд праходзіў у Мінску. Праваабаронцам стала вядома, што Вольга абвясціла галадоўку ў знак пратэсту супраць здзекаў над ёй, а ейнага мужа Арцёма змясцілі ў ШІЗА ў бабруйскай калоніі.
Вольга Анішчук мусіла выйсці пасля 24-сутачнага адміністрацыйнага арышту 28 лістапада, але яе затрымалі зноў па пратаколу паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Днямі Вольгу па невядомых прычынах перавезлі з ІЧУ на Акрэсціна ў ІЧУ Магілёва. Негледзячы на гэта, справу супраць яе сёння разглядалі ў судзе Заводскага раёна Мінска. У выніку Вольгу арыштавалі яшчэ на 10 сутак. Агулам за кратамі яна правядзе мінімум 34 дні. Увесь гэты час у зняволенні Вольга знаходзіцца без сродкаў гігіены і зменнага адзення.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, Вольга за кратамі ўжо два разы перахварэла на бранхіт, бо яна ўтрымліваецца ў нечалавечых умовах і спіць на бетоннай падлозе. У ІЧУ Магілёва над ёй здзекваюцца і аказваецца ціск — тры разы на дзень яе прымушаюць распранацца да гола і прысядаць. На знак пратэсту супраць гэтага 28 лістапада Вольга Анішчук абвясціла галадоўку.
Тым часам, па невядомым прычынах Арцёма змясцілі ў штрафны ізалятар у бабруйскай калоніі № 2.
Яны змагаліся за свабоду сваіх мужоў і самі апынуліся за кратамі: гісторыі Вольгі Анішчук і Дар'і Лосік
Крыніца: Вольгу Анішчук арыштавалі трэці раз запар. Яна абвясціла галадоўку супраць здзекаў у магілёўскім ІЧУ