У Магілёўскім абласным судзе 22 лістапада зноў разглядзелі справу супраць 20-гадовай студэнткі Дануты Перадні па тых жа артыкулах Крымінальнага кодэкса (ч. 3 арт. 361, ч. 1 арт. 368), па якіх яе ўжо асудзілі 4 ліпеня ў судзе Кіраўскага раёна да шасці з паловай гады калоніі. 11 кастрычніка судовая калегія ў Магілёўскім абласным судзе разглядзела апеляцыйную скаргу Дануты і адмяніла прысуд першай інстанцыі праз непадсуднасць раённаму суду. Магілёўскі абласны суд па новай разглядзеў справу студэнткі, але на вынік для Дануты гэта ніяк не паўплывала. Суддзя Алена Картавенка зноў прызначыла палітзняволенай шэсць з паловай гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, піша MAYDAY.TEAM. Нагадаем, Данута была затрымана 28 лютага 2022 года, калі прыехала на маршрутцы з Кіраўска ў Магілёў. Супраць дзяўчыны ўзбудзілі крымінальную справу паарт. 361 КК (Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы) і арт. 368 КК (Абраза Лукашэнкі). У віну ёй паставілі тое, што яна 27 лютага перапосціла ў адзін з магілёўскіх чатаў тэкст, у якім у рэзкай форме крытыкаваліся дзеянні Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі па развязванні вайны ва Украіне. Таксама там утрымліваўся заклік да вулічных выступленняў і канстатавалася адсутнасць перспектыў у беларускай арміі ў выпадку яе прамога ўступлення ў вайну.
Суд Кіраўскага раёна 1 ліпеня 2022 г. прызнаў Дануту вінаватай і прызначыў ёй пакаранне ў 6 гадоў і 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму. 11 кастрычніка ў Магілёўскім абласным судзе судовая калегія пад старшынствам суддзі Ігара Зямцова разглядзела апеляцыйную скаргу Дануты і адмяніла прысудпраз непадсуднасць раённаму суду. Справу накіравалі на новы разгляд.
Згодна з ч. 1 арт. 268 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса абласному, Мінскаму гарадскому судам падсудныя крымінальныя справы аб злачынствах супраць міру і бяспекі чалавецтва, злачынствах супраць дзяржавы, а таксама аб злачынствах, за якія можа быць прызначана смяротнае пакаранне. Дануце, акрамя абразы Лукашэнкі (арт. 368 КК), ставяцца ў віну заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы (ч. 3 арт. 361 КК), які адносіцца да злачынства супраць дзяржавы (глава 32 Крымінальнага кодэкса). А значыць крымінальную справу супраць Перадні мог разглядаць толькі абласны ці Мінскі гарадскі суд. Чаму суд Кіраўскага раённага суда разгледзеў гэтую справу — невядома.
Данута — студэнтка-выдатніца. Вучылася на рамана-германскай філалогіі ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя Куляшова, адкуль яе адлічылі пасля затрымання ў лютым 2022 года.
10 чэрвеня 2022 г. КДБ дадаў яе ў спіс "асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці".
Падтрымайце дзяўчыну пасылкамі і лістамі (грашовыя пераводы забароненыя): Турма №4, 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А, Данута Сяргееўна Перадня
Крыніца: Справу палітзняволенай Дануты Перадні разглядзелі па новай — ёй зноў прызначылі 6,5 гадоў калоніі