У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 21 лістапада збірае апошнія факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Палітвязня Яўгена Нарэйку перавялі ў СІЗА па новай крымінальнай справе
Яўгена затрымалі 20 студзеня 2022 года. Яго абвінавацілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу: арт. 366 (Гвалт альбо пагроза гвалтам у дачыненні да службовай асобы), арт. 130 (Распальванне сацыяльнай варожасці) і арт. 342 (Групавыя дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак). Яўгена асудзілі да 4 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Суд праходзіў у закрытым рэжыме. Адбываць тэрмін палітвязня накіравалі ў шклоўскую калонію № 17.
Але днямі сваякам стала вядома, што яго зноў перавялі ў СІЗА у межах новай крымінальнай справы. Па папярэдняй інфармацыі, супраць Нарэйкі ўзбуджана крымінальная справа за абразу Лукашэнкі (арт. 368 КК). Сваякі да гэтага часу не ведаюць, у якім СІЗА утрымліваюць палітвязня, таму не могуць перадаць яму неабходныя рэчы.
28 чэрвеня КДБ уключыў палітвязня ў "спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці". Дома Яўгена чакаюць дзве дачкі: 11-гадовая Маша і Алекса, якой няма яшчэ году.
Асуджанага да 15 гадоў калоніі палітвязня будуць судзіць зноў
Гомельскі абласны суд 25 лістапада ў закрытым рэжыме будзе зноў судзіць 33-гадовага мясцовага жыхара Андрэя Паднябеннага. Ён мае расійскае грамадзянства, але з шасці гадоў жыве ў Беларусі і мае від на жыхарства. 30 чэрвеня гэтага года Андрэя ўжо асудзілі да 15 гадоў калоніі па шэрагу цяжкіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса Беларусі: ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 218 (пашкоджанне чужой маёмасці), ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання), ч. 1 і ч. 2 арт. 289 (акт тэрарызму). Прысуд вынес Анатоль Сотнікаў. Паднябеннага ўнеслі ў "спіс тэрарыстаў".
Цяпер яго будуць судзіць яшчэ па чатырох артыкулах КК: ч. 1 і 2 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці). Гэтым разам судзіць хлопца будзе Руслан Царук.
Падтрымайце Андрэя: СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А, Андрэй Валянцінавіч Паднябенны.
Вольгу Брыцікаву перавялі ў віцебскі СІЗА. Меркавана, супраць яе ўзбудзілі крымінальную справу
Стала вядома, што старшыню незалежнага прафсаюза «Нафтан» Вольгу Брыцікаву перавялі ў віцебскі СІЗА-2. Меркавана, супраць актывісткі ўзбудзілі крымінальную справу, але дакладных звестак пра гэта ў праваабаронцаў пакуль няма.
Нагадаем, 11 лістапада над Вольгай адбыўся другі суд запар за "несанкцыянаванае пікетаванне". Падставай для пратакола стаў малюнак "Не вайне" на яе старонцы ў фэйсбуку, за які яна адбыла арышт некалькі месяцаў таму. Але суддзя Зінаіда Балаболава зноў прызнала Вольгу вінаватай і асудзіла яе да 15 сутак арышту.
Вольга аб'явіла галадоўку з 8 лістапада. Прычынай стала парушэнне яе правоў, а таксама адмова супрацоўнікаў ізалятара перадаваць ёй перадачы ад сваякоў. Пакуль няма інфармацыі, ці працягвае Вольга галадоўку.
Падтрымайце Вольгу: СІЗА-2, 210026, г. Віцебск, вул. Гагарына, 2, Вольга Ігараўна Брыцікава.
Адбыліся чарговыя абнаўленні ў спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў
Так пружанскі суд пастанавіў прызнаць тэлеграм-чат „Пружанка/Пружанец” экстрэмісцкім.
У сваю чаргу суд Жабінкаўскага раёна прызнаў экстрэмісцкім тэлеграм-чат "Дзевятоўка-Гародня”. Адметна тое, што па пазначанай спасылцы адсутнічае чат на тэму Гародні, з падобным індэфікатарам ёсць толькі тэлеграм-канал анархістаў.
А рашэннем суда Пінскага раёна да спісу экстрэмісцкіх выданняў дададзеная суполка ў сацыяльнай сетцы фэйсбук „Пінск – гэта Радзіма”.
Інфармацыя дапаўняецца.