У аўторак 13 лютага пачынаецца апошні этап выбарчай кампаніі па выбарах дэпутатаў Віцебскага гарадскога Савету дэпутатаў 28-га склікання. Назіральнік кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" з Віцебску Леанід Свецік распавёў пра ход перадвыбарчай кампаніі ў горадзе і актыўнасць кандыдатаў напярэдадні галасавання. 

Ляпёшкіна: бюлетэні – пад пільнай аховай

Старшыня Віцебскай выбарчай камісіі Наталля Ляпёшкіна паведаміла, што ўсё гатова для волевыяўлеьня жыхароў гораду.

Выбарчыя ўчасткі матэрыяльна забяспечаныя ўсім неабходным для арганізацыі працэсу галасавання.  Выбарчыя камісіі знаходзяцца ў рабочым стане. Бюлетэні ў неабходнай колькасці завезеныя на выбарчыя ўчасткі і знаходзяцца пад пільнай аховай супрацоўнікаў міліцыі.

Заяц зняўся, Кузьмін звярнуўся ў пракуратуру

Стала таксама вядома, што кандыдат у дэпутаты па Моладзевай выбарчай акрузе №29 Дзяніс Заяц, які быў зарэгістраваны ад Камуністычнай партыі Беларусі, адмовіўся ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Як патлумачыў сам Дзяніс Заяц, ён зняў сваю кандыдатуру з прычыны пераезду на сталае месца жыхарства ў іншую вобласць Беларусі па сямейных абставінах.

Наогул, скаргаў ад кандыдатаў на дзеянні гарадской выбарчай камісіі амаль не было. Але выключэннем стаў скандал, які разгарэўся вакол кандыдата ў дэпутаты ад партыі левых “Справядлівы свет” па Смаленскай выбарчай акрузе №7 Вадзіма Кузьміна.

З падачы выбарчых камісій у гарадской газеце “Віцьбічы” былі распаўсюджаныя непраўдзівыя звесткі аб наяўнасці ў кандыдата судзімасці. Каб выправіць прыкрую памылку, Вадзім Кузьмін звярнуўся ў гарадзкую пракуратуру. Прымаючы скаргу, супрацоўнікі пракуратуры згадзіліся з заяўнікам, што інфармацыя ў газеце пададзеная, як мінімум, некарэктна. Паабяцалі апэратыўна разабрацца.

Адзначым, што падобны інцыдэнт з апублікаваннем у дзяржаўных СМІ непраўдзівых звестак з біяграфіі Вадзіма Кузьміна здарыўся і на мінулых выбарах у гарсавет чатыры гады таму.

Ці спраўдзіцца прагноз?..

Трэба адзначыць, што выбарчая кампанія ў Віцебску праходзіла ціха і незаўважна. У пэрыяд агітацыі кандыдаты і іх давераныя асобы, за рэдкім выключэннем, не праводзілі вулічныя масавыя мерапрыемствы, аддаючы перавагу нудным сустрэчам з выбаршчыкамі ў арганізацыях і прадпрыемствах.

Заўважым, што найчасцей сустрэчамі ў працоўных калектывах “грашылі” 40 кандыдатаў у гарадскі Савет дэпутатаў, якія вылучаліся шляхам збору подпісаў і ад працоўных калектываў.

Можна спрагназаваць, што акурат гэтыя сорак прэтэндэнтаў на мандаты “народных прадстаўнікоў” і стануць дэпутатамі Віцебскага гарсавету 28-га склікання. Наколькі гэтая здагадка апынецца палітычнай рэальнасцю, даведаемся ўжо хутка – ранкам 19 лютага, калі Віцебская гарадская выбарчая камісія падлічыць галасы і абвесціць вынікі галасавання.  

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Крыніца: Выбары ў Віцебску: нудная агітацыя і загадзя вядомы вынік