У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 30 верасня збірае апошнія факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Брэсце затрыманы прадпрымальнік Сяргей Беразюк

Паводле сілавікоў, мужчына нібыта пакідаў абразлівыя каментары ў тэлеграм-каналах. Як паведамілі ў праўладным канале, Беразюку прызначылі 15 сутак арышту, пасля якіх ён «будзе прыцягнуты да крымінальнай адказнасці па арт. 369 КК РБ» (абраза прадстаўніка ўлады).

Затрыманне ў Светлагорску: у чалавека знайшлі бела-чырвона-белую сімволіку і штосьці ў тэлефоне

29 верасня ў Светлагорску затрыманы мясцовы жыхар – 29-гадовы Арсеній Ягорчанка, піша "Гомельская Вясна". У месцы, дзе ён пражывае, адбыўся ператрус. Хлопец змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання Светлагорскага РАУС.

Прычына ператрусу ўдакладняецца. Паводле папярэдняй інфармацыі, падчас ператрусу знайшлі бела-чырвона-белую сімволіку, а таксама штосьці ў мабільным тэлефоне. Прычынай для затрымання ў падобных выпадках часта з’яўляюцца захоўваемыя ў тэлефоне спасылкі альбо падпіска на інтэрнет-рэсурсы, якія ўлады ўнеслі ў спіс «экстрэмісцкіх».

Як мяркуецца, пачаты адміністрацыйны працэс, паводле якога справа будзе разглядацца ў судзе Светлагорскага раёна 30 верасня.

Праваабаронцам вядомыя прозвішчы чатырох затрыманых учора супрацоўнікаў «Белагра» 

Гэта Кірыл Малянтовіч, Дзмітрый Левянкоў, Людміла Гецман, Арцём Зубракоў.

Як паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы, супраць чатырох супрацоўнікаў кампаніі (іх прозвішчы не называюцца) распачатыя крымінальныя справы «звязаныя з наркотыкамі, распальваннем варожасці, удзелам у масавых беспарадках 2020 года, аказаннем садзейнічання экстрэмісцкім фарміраванням». Астатніх затрыманых сёння будуць судзіць па адміністрацыйных справах.

Таксама праваабаронцам "Вясны" стала вядома, што ў "Белагра" пасля ператрусы затрыманы Андрэй Платонаў

Суполка «МЫ ЗА НЕЗАЛЕЖНУЮ БЕЛАРУСЬ» прызнаная «экстрэмісцкай»

21 верасня суд Чыгуначнага раёну Гомеля прызнаў інфармацыйную прадукцыю суполкі ва «Укантакце» «МЫ ЗА НЕЗАЛЕЖНУЮ БЕЛАРУСЬ» «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

На суполку падпісаныя больш за 50 тысяч чалавек, апошняе яе абнаўленне датаванае вясной 2020 года.

Крыніца: Затрыманні ў Беларусі 30 верасня Дапоўнена