У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 19-20 верасня збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Палітзняволенага Уладзіміра Гундара зноў змясцілі ў карцар

Паводле жонкі палітвязня Алены Гундар, увечары 17 верасня Уладзіміра Гундара змясцілі ў карцар. Ён адмовіўся жыць у адной камеры з падселенымі да яго двума вязнямі "нізкага сацыяльнага статусу". За гэта адміністрацыя турмы пакарала яго 10 суткамі ў карцары, паведамляе viasna_brest.

Гундар абвесціў галадоўку на ўвесь тэрмін спагнання — будзе піць толькі воду. Акрамя гэтага, Уладзімір захварэў, таму яму патрэбыныя лекі. Магчыма, ён захварэў на каронавірус.

Уладзімір Гундар. Фота Радыё Рацыя.

Нагадаем, у будынку гродзенскай турмы 18 траўня пачаўся суд над фігурантамі «справы Аўтуховіча», сярод якіх — палітзняволены баранавіцкі актывіст Уладзімір Гундар, які мае інваліднасць.

Падтрымаць палітвязня: Турма №1, 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1, Уладзімір Тадэвушавіч Гундар.

Гамельчука затрымалі за каментар, пакінуты ў 2020 годзе

Затрыманага завуць Ягор Рачкоўскі. ГУБАЗік прыйшоў да яго дадому і правёў ператрус за тое, што ў 2020 годзе ён напісаў каментар у чаце "Гомель 97%". Пакуль невядома, у якім статусе знаходзіцца затрыманы.

 

Супраць мастака Генадзя Драздова распачалі крымінальную справу

Мастака і былога кіраўніка творчай суполкі «Пагоня» Генадзя Драздова затрымалі ў сярэдзіне жніўня. Суд прызначыў яму 15 сутак арышту, але на волю ён так і не выйшаў, паведамляе @by_culture.

Учора ў тг-канале сілавікоў з’явілася "пакаяльнае відэа" з мастаком, на якім ён кажа, што затрыманы "невядома за што". Паведамляецца, што супраць Генадзя "ўзбуджана крымінальная справа за актыўны ўдзел у акцыях пратэсту".

КДБ дадаў у "спіс тэрарыстаў" яшчэ восем беларусаў

Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс "асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці". Цяпер з'явіліся прозвішчы яшчэ васьмі беларусаў. Цяпер у ім 913 прозвішчаў, з іх — 172 беларусы.

42-гадовая Вольга Цыбульская, жыхарка Мінска, абвінавачваецца паводле арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці);29-гадовы Яўген Чуміла, жыхар Гомельшчыны, асуджаны паводле арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці);35-гадовы Іван Кашко, жыхар Гродзеншчыны, абвінавачваецца паводле арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці);37-гадовы Павел Сакалоў, жыхар Віцебшчыны, асуджаны да 4,5 года калоніі па арт. 293 КК (масавыя беспарадкі);47-гадовы Віктар Карніенка, жыхар Магілёўшчыны, асуджаны да 3,5 гадоў калоніі паводле арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці);56-гадовы Анатоль Сашуноў, жыхар Міншчыны, абвінавачваецца паводле арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці);37-гадовы Іван Чаравака, жыхар Мінска, асуджаны да 4 гадоў калоніі паводле арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці);34-гадовы Аляксей Рэзнікаў, жыхар Віцебшчыныі, асуджаны да 4,5 гадоў калоніі паводле арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці).

Цяпер падтрымаць гэтых палітвязняў можна толькі лістамі салідарнасці і пасылкамі, а грашовыя пераводы ім забароненыя.

Інфармацыя дапаўняецца.

Крыніца: Папаўненне ў "спісе тэрарыстаў", новыя затрыманні: хроніка пераследу 19-20 верасня