У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 19-20 верасня збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Палітзняволенага Уладзіміра Гундара зноў змясцілі ў карцар

Паводле жонкі палітвязня Алены Гундар, увечары 17 верасня Уладзіміра Гундара змясцілі ў карцар. Ён адмовіўся жыць у адной камеры з падселенымі да яго двума вязнямі "нізкага сацыяльнага статусу". За гэта адміністрацыя турмы пакарала яго 10 суткамі ў карцары, паведамляе viasna_brest.

Гундар абвесціў галадоўку на ўвесь тэрмін спагнання — будзе піць толькі воду. Акрамя гэтага, Уладзімір захварэў, таму яму патрэбыныя лекі. Магчыма, ён захварэў на каронавірус.

Уладзімір Гундар. Фота Радыё Рацыя.

Нагадаем, у будынку гродзенскай турмы 18 траўня пачаўся суд над фігурантамі «справы Аўтуховіча», сярод якіх — палітзняволены баранавіцкі актывіст Уладзімір Гундар, які мае інваліднасць.

Падтрымаць палітвязня: Турма №1, 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1, Уладзімір Тадэвушавіч Гундар.

Гамельчука затрымалі за каментар, пакінуты ў 2020 годзе

Затрыманага завуць Ягор Рачкоўскі. ГУБАЗік прыйшоў да яго дадому і правёў ператрус за тое, што ў 2020 годзе ён напісаў каментар у чаце "Гомель 97%". Пакуль невядома, у якім статусе знаходзіцца затрыманы.

Інфармацыя дапаўняецца.

Крыніца: хроніка пераследа 19-20 верасня