У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 17 верасня збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У Баранавічах змясцілі ў СІЗА жанчыну, якая даўно жыла ў Еўропе
Брэсцкі дзяржканал апублікаваў відэа з Манкевіч Вольгай Уладзіміраўнай. 37-гадовую ўраджэнку Баранавічаў затрымалі 22 жніўня 2022 года на вакзале, калі яна ў чарговы раз прыехала ў Беларусь з Андоры, вынікае з роліка. Ёй інкрымінуюць абразу Лукашэнкі.
У відэа Вольга распавяла, што ў жніўні 2020 года палічыла, што выбары былі сфальсіфікаваныя. У Instagram падпісалася на старонку" Nexta", адкуль рабіла скрыншоты і выкладвала на свой старонцы, рабіла каментары. За гэта яе і затрымалі — і ўжо змясцілі пад варту ў СІЗА.
Прадстаўніца пракуратуры Іна Данільчык сказала, што жанчыне прад'яўленыя абвінавачванні па ч. 1 арт. 368 КК РБ (Абраза прэзідэнта Беларусі).
Падтрымайце Вольгу лістом, бандэролькай або грашовым пераводам па адрасе:
СІЗА-6, 225413, г. Баранавічы, вул. Брэсцкая, 258 в. Манкевіч Вольга Уладзіміраўна
У Мінску затрымліваюць генетыкаў з Акадэміі навук
Як паведамляе тэлеграм-канал Свабоднага прафсаюза, з пачатку верасня ў інстытуце генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі адбываюцца затрыманні.
Так, 5 верасня быў затрыманы малодшы навуковы супрацоўнік інстытута — Аляксандр Кандрацюк. Спачатку суд Першамайскага раёна Мінска арыштаваў яго на 13 сутак, а потым яго перазатрымалі паводле арт. 130 КК (Распальванне сацыяльнай варожасці ці варажнечы).
14 верасня сілавікі затрымалі іншага супрацоўніка — Яўгена Сысаляціна. Цяпер яго ўтрымліваюць у ІЧУ на Акрэсціна.
Учора сілавікі зноў прыязджалі ў інстытут. Вядома, што адну з супрацоўніц міліцыянты адвозілі на «гутарку» і запісалі з жанчынай відэа.
Мазырскага праваабаронцу Уладзіміра Целяпуна, меркавана, ізноў затрымалі
16 верасня, а 18-й гадзіне праваабаронцу выклікалі ў мясцовы РУУС. Але дагэтуль ён так і не выйшаў.
Вядома, што праваабаронцу выклікалі для "падпісання выпраўленых адміністрацыйных пратаколаў". Справа ў тым, што над праваабаронцам 12 і 13 верасня праходзіў суд, падчас якога высветліліся нестыкоўкі ў пратаколах: да прыкладу, пратакол апытання быў датаваны днём раней, чым пратакол аб самім адміністрацыйным правапарушэнні. Таму суддзя накіраваў адміністрацыйную справу ў дачыненні да Целяпуна на дапрацоўку, а пасля рашэння суда праваабаронцу выпусцілі.
На тым пасяджэнні праваабаронцу стала дрэнна — і яму выклікалі хуткую дапамогу.
Агулам супраць Уладзіміра раней склалі чатыры пратаколы па ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). За рэпосты ў сацсетках з рэгіянальнага праваабарончага сайта «Палеская Вясна». Целяпуна затрымалі 3 верасня і затым асудзілі на 10 сутак арышту.
Гомельскі тэлеграм-канал "Стары Аэрадром" стаў "экстрэмісцкім фарміраваннем"
Зараз у канала 65 падпісчыкаў, у чата-14, былі створаныя ў ліпені 2020 года, асвятлялі акцыі пратэсту.
"Пералік арганізацый, фарміраванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці" складаюць МУС і КДБ. Кожнае дзевятае там - недзяржаўнае СМІ, піша "Позірк".
Інфармацыя дапаўняецца.
Крыніца: Новыя "экстрэмісцкія" фарміраванні, пераслед праваабаронцы: хроніка пераследу 17 верасня