У Гродзенскім абласным судзе сёння агучылі прысуд палітзняволенаму журналісту Дзянісу Івашыну, які ўтрымліваецца за кратамі ўжо паўтара года — 13 гадоў і 1 месяц калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Таксама яму прысудзілі штраф памерам 150 базавых. Яго абвінавацілі па арт. 365 (умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў) і ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве). Такі прысуд вынес суддзя Валерый Раманоўскі. Суд цягнуўся месяц у закрытым рэжыме, бо на працэсе "разглядалі дадзеныя, якія складаюць дзяржаўную таямніцу". 12 верасня Івашын выступіў з апошнім словам, але яго не змагло пачуць грамадства праз тое, што працэс праходзіў у закрытым рэжыме.

Журналіст Дзяніс Івашын перад першым працэсам
Журналіст Дзяніс Івашын перад першым працэсам

Дзяніса затрымалі супрацоўнікі КДБ 12 сакавіка 2021 года. Журналіст публікаваў расследаванні на сайце InformNapalm і ў газеце "Новы час". Ён распавядаў, як журналісты ідэнтыфікавалі былых супрацоўнікаў украінскага спецпадраздзялення "Беркут", якія ўдзельнічалі ў разгонах беларускіх пратэстаў у шэрагах беларускага АМАПа. 4 сакавіка, за два тыдні да яго затрымання, выйшла трэцяя частка расследавання.За кратамі журналісту блакуюць ліставанне, не аддаюць выданні, а таксама неаднаразова змяшчалі ў карцар. Вядома, што журналіст адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні. Улетку 2021 года ў журналіста пачаліся праблемы з сэрцам.

Падтрымаць палітвязня: Турма №1, 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1, Дзянісу Яўгенавічу Івашыну

Крыніца: Журналіста Дзяніса Івашына асудзілі да 13 гадоў і 1 месяца калоніі