У Мінскім гарадскім судзе 6 верасня вынеслі прысуд адразу дзесяці палітзняволеным: каардынатарцы Валанцёрскай службы "Вясны" Марфе Рабковай — 15 гадоў калоніі, валанцёру Андрэю Чапюку — 6 гадоў калоніі, актывістам анархісцкага руху Аляксандру Францкевічу— 17 гадоў калоніі, Акіхіру Гаеўскаму-Ханаду — 16 гадоў калоніі, Аляксею Галаўко — 12 гадоў калоніі, Аляксандру Казлянку, Паўлу Шпетнаму, Мікіту Дранцу — па 6 гадоў калоніі, Андрэю Марачу, Данілу Чулю — па 5 гадоў калоніі. Суд у закрытым рэжыме цягнуўся чатыры з паловай месяцы — агулам прайшло 70 працэсаў па 158 тамах матэрыялаў крымінальнай справы. Суддзя Сяргей Хрыпач прызначыў фігурантам справы менавіта такія тэрміны, якія запатрабаваў пракурор Раман Бізюк. Праваабаронцам перадалі прамову, якую 26-гадовы палітвязень Андрэй Чапюк падрыхтаваў да апошняга слова. «У сваім апошнім слове я хацеў бы сказаць, што мне вельмі сорамна за беларускую судовую сістэму, за следчыя органы, якія ўмеюць пісаць якасны гумар! Цягам ўсяго працэсу мы вельмі часта смяяліся з працы пракурора, следства. Загатоўка (меркаванаад ГУБАЗа) для спрэчак пракурора — гэта найлепшае, што гучала ў залі. Гумар якасны! Я не ўяўляю, хто, будучы ў здароўі, можа сур'ёзна ўспрымаць гэты працэс і канкрэтна абвінавачванне. Пра тое, што справа палітычна матываваная, кажа і колькасць артыкулаў, і само абвінавачванне.
Я ведаю, што кожны ў хуткім часе адкажа за свае дзеянні, за свае рашэнні перад грамадствам. Не трэба гэта расцэньваць як пагрозу. Рэальнасць паказвае, што праўда, аб'ектыўнасць і справядлівасць мацнейшыя за бандыцкія метады МУС і КДБ. Людзі не палохаюцца ўстаць на шлях барацьбы за правы! Бо законы, працэсуальныя нормы можна трактаваць у сабе зручны бок. А можна і зусім на іх не звяртаць увагі, бо «высокі суд» сам дае ацэнку чаму-небудзь. Падчас затрымання ў дачыненні да мяне і іншых абвінавачаных ужываўся гвалт, як фізічны, так і псіхалагічны. Пацверджання маіх слоў маюцца ў матэрыялах справы. У цяперашні час гэта з'яўляецца нормай палітычна матываванасці спраў.
За без малога два гады майго ўтрымання ў СІЗА я пераканаўся, што следчым органам складана зламаць волю беларуса/беларускі без змяшчэння ў перапоўнены карцар ІЧУ, без пастаноўкі на прафулік, унясення ў спіс асоб, нібыта датычных да тэрарыстычнай дзейнасці, без усялякага гвалту на працягу ўсіх этапаў працы рэпрэсіўнай машыны. Беларусы губляюць здароўе праз гэтыя дзеянні, беларускія сем'і бурацца. Для чаго органу, які надзялілі ўладай і паўнамоцтвамі, трэба здзяйсняць вышэйзгаданыя дзеянні, кожны вырашае для сябе сам.
Я хачу, падсумаваўшы, сказаць дзякуй усім беларусам! І асобнае дзякуй тым, хто аказваў дапамогу людзям, якія апынуліся ў бядзе, у гэты неспакойны час. Беларусь будзе вольнай!»