У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі 2 верасня. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
МУС абнавіла пералік асобаў, якія маюць дачыненне да «экстрэмісцкай» дзейнасці
Цяпер у ім 474 прозвішчы, спіс папоўніўся наступнымі людзьмі:
— Яўген Блахінскі, якога асудзілі паводле ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 293, ч. 1 арт. 342, ч. 1 арт. 130, ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса. Вядома, што яго затрымалі, калі ён вярнуўся ў Гродна з Германіі. У «пакаяльным відэа» ён прызнаўся, што ў 2020 годзе быў у складзе «экстрэмісцкіх» чатаў, дзе заклікаў да «масавых беспарадкаў, забойстваў міліцыянтаў, спальванню «Табакерак».
— Павел Кучаравенка, якога асудзілі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса.
— Сяргей Бакач, асуджаны паводле ч. 1 арт. 368 і арт. 369 Крымінальнага кодэкса да чатырох гадоў «хатняй хіміі».
— Алег Гарбачоў, асуджаны паводле ч. 2 арт. 343-1 і ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса. Вядома, ён быў затрыманы за «пагрозы» супрацоўнікам міліцыі.
— Уладзімір Сівун, якога асудзілі паводле ч. 1 арт. 339, ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 339, ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса.
У Наваполацку падчас выступу вайскоўцаў на школьнай лінейцы дзяўчына правяла антываенную акцыю — яе затрымала міліцыя
1 верасня падчас лінейкі ў гімназіі №1 горада Наваполацк, быў выступ людзей у вайсковай форме. Адна дзяўчына на сярэдзіне выступу выйшла з антываеннай акцыяй — яна стала перад імі і паказала знак ✌️.
Да яе падыйшлі супрацоўнікі школы, а потым і міліцыянт, які павёў дзяўчыну ў невядомым кірунку.
Сыходзіла дзяўчына пад апладысменты людзей.
У Магілёве «за падтрымку Украіны» затрымалі мужчыну — на відэа яго прымусілі прызнацца «ў падтрымцы Расіі»
Стала вядома пра затрыманне супрацоўнікамі ГУБАЗіК магілёўца Юрыя Пашына. Прычынай гэтага сталі відэа, якія Пашын выкладваў у сваім TikTok-акаўнце. Яны тычыліся ваеннай агрэсіі Расіі ва Украіне, прычым Пашын дастаткова выразна займаў праўкраінскую пазіцыю.
На «пакаяльным відэа» мужчыну вымусілі прызнацца, што ён не меў рацыі, падтрымліваючы Украіну, а таксама заявіць, што ён падтрымлівае дзеянні Расіі ў суседняй краіне.
Сілавікі затрымалі мінчука за каментары ў «экстрэмісцкім» чаце — пры затрыманні ён адбіваўся ад міліцыянтаў сякерай
Як піша МУС, супраць 53-гадовага жыхара сталіцы распачалі крымінальныя справы за распальванне сацыяльнай варожасці і за замах на забойства супрацоўніка ўнутраных спраў.
З затрыманым запісалі «пакаяльнае відэа», на якім ён кажа, што ў мінулым годзе пакінуў у «экстрэмісцкім» чаце каментар, у якім былі заклікі да «знішчэння камандзіраў АМАП, ГУБАЗіК і міліцыянтаў».
Крыніца: Затрыманне на школьнай лінейцы, папаўненне спісу "экстрэмістаў": хроніка пераследу 2 верасня