У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Палітзняволенага Паўла Вінаградава пазбавілі рэжымнай перадачы
Учора паведамлялася, што адміністрацыя папраўчай калоніі № 12 склала тры рапарты на Паўла, адзін з іх – за тое, што ад слабасці прылёг на ложак. Паведамляецца, што Вінагардава закінулі ў штрафны ізалятар з 23 жніўня. Раней яго пазбавілі працяглага спаткання.
Напрыканцы ліпеня палітвязня перавялі ў аршанскую калонію, вядомую тым, што там утрымліваюцца і лечацца асуджаныя, хворыя на актыўную форму сухотаў. Паўла асудзілі да пяці гадоў калоніі за адзін пост у Фэйсбуку.
Падтрымайце Паўла: ПК №12, 211381, Віцебская вобласць, Орша, вул. Смаленская, 2, Павел Юр'евіч Вінаградаў
Палітвязня Яўгена Прапольскага ўжо два месяцы трымаюць у ШІЗА
Яму падаўжаюць тэрмін знаходжання ў штрафным ізалятары раз-пораз — агулам ён правёў у ШІЗА два месяцы.
Нагадаем, Яўгена асудзілі да 8 гадоў калоніі па справе «ўдзельнікаў чата». На судзе ен распавёў пра катаванні: «Мяне прымушалі пісаць чыстасардэчнае прызнанне на імя начальніка УСК. Мне пагражалі, катавалі — білі маім электрашокерам. Добраахвотна я не пісаў заяву. Потым у мяне праблемы са здароўем былі: было дрэнна, кружылася галава, была адбітая нага».
Напачатку жніўня з палітвязнем цалкам знікла сувязь — лістоў ад яго не было, спатканняў з ім не давалі, у самой калоніі сваякам нічога не казалі. У адным з тэлеграм-чатаў, звязаных з бабруйскай ПК № 2, з'явілася інфармацыя, што Яўген нібыта спрабаваў збегчы з калоніі — аднак родныя не верылі ў гэта.
Падтрымайце палітвязня: ПК № 2. 213800, Бабруйск, Сікорскага, 1, Яўген Уладзіміравіч Прапольскі
МУС прызнала «Хартыю’97» экстрэмісцкім фармаваннем
Адпаведны пункт з'явіўся ў спісе экстрэмісцкіх фармаванняў. Цяпер у ім 84 пазіцыі.
BYPOL прызналі тэрарыстычнай арганізацыяй
Па заяве Генпракурора Андрэя Шведа Вярхоўны Суд прызнаў арганізацыю «BYPOL» з структурнымі падраздзяленнямі «Сітуацыйна – аналітычны цэнтр», якія ўваходзяць у яе, і «Мабілізацыйны план «Перамога» тэрарыстычнай.
У Гродне затрымана адвакатка Юлія Юргілевіч
Паводле інфармацыі @pagoniagrodna дома ў Юліі адбыўся ператрус. Юргілевіч працавала адвакаткай амаль 18 год. Яна абараняла ў судзе палітвязняў Алеся Пушкіна, Арцёма Баярскага, Ігара Банцара, Андрэя Аўсіевіча, Андрэя Сакалоўскага. 23 лютага 2022 года яе выключылі са складу Гродзенскай абласной калегіі адвакатаў за «сістэматычныя парушэнні заканадаўства».
Паводле папярэдняй інфармацыі, адвакатка ў лютым з'ехала з Беларусі, але цяпер вярнулася.
Інфармацыя дапаўняецца.
Крыніца: BYPOL — "тэрарыстычная арганізацыя": хроніка пераследу 31 жніўня Дапоўнена