У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Затрыманні

У Гродне затрымалі дальнабойніка Андрэй Мацонка

Гэта здарылася 27 жніўня. Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што мужчына нібыта абражаў Лукашэнку і распаўсюдзіў асабістыя дадзеныя міліцыянтаў. Яму інкрымінаваны арт. 368 КК (Абраза Лукашэнкі) и арт. 203-1 КК (Незаконныя дзеянні ў адносінах да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных).

У Наваполацку затрымалі гітарыста вядомага рок-гурта Detroit hills Захара Сабіна

Па папярэдняй інфармацыі, прычынай затрымання (гэта адбылося 27 жніўня — Заўв. ) маглі стаць рэпосты музыканта з "няправільных" каналаў.

Папаўненне ў спісе "экстрэмістаў"

КДБ прызнаў "экстрэмісцкім фармаваннем" супольнасць тэлеграм-каналу ZOLAK

КДБ прызнаў "экстрэмісцкім фармаваньнем" групу грамадзян, зьвязаных з тэлеграм-каналам ZOLAK, у якога 458 падпісчыкаў, і чатам ZOLAK Chat, якога ўжо не існуе. Інфармацыя ўнесена ў адпаведны спіс на сайце Міністэрства ўнутраных спраў, паведамляе @radiosvaboda.

Ціск на палітвязняў

Палітвязня Сяргея Ярашэвіча змяшчалі ў ШІЗА і збіраюцца перавесці ў ПКТ

Ганна Канавалава расказала пра свайго палітзняволенага зяця. Паводле яе слоў, нядаўна тэлефанаваў бацька Сяргея і паведаміў, што яго сына змяшчалі ў штрафны ізалятар, а хутка перавядуць у ПКТ, піша @doctorsbycom:

"У нас з ім сувязі няма, ён дасылае толькі кароткія лісты, часам нешта намалюе дзецям. Зусім нядаўна тэлефанаваў ягоны бацька і сказаў, што ён (сын) быў у ШІЗА. Цяпер яго накіроўваюць у ПКТ".

Нагадаем, у траўні 2021 Антаніну Канавалаву разам з яе мужам Сяргеем Ярашэвічам асудзілі да 5,5 годоў калоніі па справе "Арміі з народам". Іх абвінавацілі ў "падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках" і ў "падрыхтоўцы беспарадкаў". У Антаніны і Сяргея на волі засталіся двое маленькіх дзяцей: Ваня і Насця.

Падтрымайце Сяргея лістамі салідарнасці. Адрас такі: ПК №11, 231900, Ваўкавыск, Ракасоўскага, 118, Сяргею Міхайлавічу Ярашэвічу.

Палітзняволены Павел Вінаградаў схуднеў у турме на 36 кілаграмаў

Нядаўна ў палітзняволенага блогера і актывіста Паўла выявілі сухоты. Раней была інфармацыя, што Вінаградава пазбавілі працяглага спаткання за сон удзень. Напрыканцы ліпеня яго перавялі ў аршанскую папраўчую калонію № 12, вядомую тым, што там утрымліваюцца і лечацца асуджаныя, хворыя на актыўную форму сухотаў. Паўла асудзілі да пяці гадоў калоніі за адзін пост у Фэйсбуку.

Падтрымайце Паўла лістамі салідарнасці. Адрас такі: ПК №12, 211381, Віцебская вобласць, Орша, вул. Смаленская, 2, Паўлу Юр'евічу Вінаградаву.

Сяргея Ціханоўскага змясцілі ў ШІЗА неўзабаве пасля пераводу ў турму

Гэта адбылося ў Дзень народзінаў палітвязня — 18 жніўня.

"Цяпер ён не можа карыстацца сваімі рэчамі, вымушаны спаць на голых дошках без матраца і пасцельнай бялізны, яму забаронена набываць прадукты і рэчы першай неабходнасці", — паведамляе тэлеграм-канал "Турма для жыцця".

Нагадаем, 14 снежня 2021 года Сяргея Ціханоўскага асудзілі да 18 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. У папраўчай калоніі Ціханоўскі знаходзіўся толькі адзін месяц, а потым яму змянілі рэжым на турэмны.

Падтрымаць Сяргея лістамі салідарнасці і паштоўкамі можна па адрасе: турма № 8, 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А, Сяргею Леанідавічу Ціханоўскаму.

Палітзняволеную Алесю Буневіч перавялі ў гродзенскую турму. Падтрымайце яе!

Алеся Буневіч — дырэктарка віленскай друкарні, затрыманая 4 красавіка 2022 года ў межах крымінальнай справы пасля таго, як яна прыехала з Літвы ў Беларусь на гадавіну смерці маці. Алесю Буневіч абвінавачваюць у "здзяйсненні акта тэрарызму групай асоб па папярэдняй змове" (ч. 2 арт. 289 КК) у межах справы "рэйкавых партызанаў". У прапагандысцкім фільме на БТ паказаны кавалак допыту Алесі, дзе яна распавядае, як купляла літоўскія сім-карты за некалькі дзён да паездкі ў Беларусь, паказвае, дзе хавала іх на тэрыторыі краіны; пра тое, як усё здымала на відэа, каб пераслаць свайму куратару ў Літве. А таксама, што павінна была "адправіць" маладых людзей, калі яны пад'едуць да мяжы. Алеся ўтрымлівалася ў магілёўскім СІЗА, але напрыканцы жніўня яе перавялі ў гродзенскую турму № 1.

Падтрымайце палітзняволеную дзяўчыну лістамі, грашовымі пераводамі і пасылкамі. Адрас такі: Турма № 1, 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1, Алесі Анатольеўне Буневіч.

Крыніца: Ціск на палітвязняў, затрыманні і новыя “экстрэмісты”: хроніка палітычнага пераследу 27-29 жніўня