Сёння ў Гродзенскім абласным судзе распачынаецца суд над палітзняволеным журналістам Дзянісам Івашыным, які ўтрымліваецца за кратамі ўжо адзін год і пяць месяцаў. Яго абвінавачваюць па арт. 365 (умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў) і ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве). Журналісту пагражае да 15 гадоў калоніі. Судовы працэс узначальвае суддзя Валерый Раманоўскі. Як піша "Новы Час", суд будзе праходзіць у закрытым рэжыме, бо на працэсе "будуць разглядаць дзяржаўныя таямніцы". Дзяніса затрымалі супрацоўнікі КДБ 12 сакавіка 2021 года. Адразу Івашын праходзіў падазраваным па арт. 365 КК (умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных спраў). Пазней яму выставілі абвінавачванне яшчэ і па ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве). На падставе гэтага артыкулу журналісту пагражае ад 7 да 15 гадоў няволі.

Журналіст Дзяніс Івашын. Фота spring96.org
Журналіст Дзяніс Івашын. Фота spring96.org

Таксама КДБ заявіў, што Дзяніс супрацоўнічае з украінскай выведкай:

"Украінскі бок глыбока вывучыў асобу Дзяніса Івашына і ўсяляк яго стымуляваў, з выкарыстаннем як матэрыяльнага ўзнагароджання, так і іншага роду заахвочванняў, што маюць значэнне для фігуранта, з увагі да ўжо сфармаванага ў яго жадання быць датычным да лёсу Украіны. Так, за актыўны ўдзел у інфармацыйных акцыях ён узнагароджаны граматаю намесніка міністра абароны Украіны Ігара Далгова, на той момант куратара Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны, а нацыянальная камісія ў пытаннях замежных украінцаў выдае яму пасведчанне замежнага ўкраінца".

Івашын публікаваў расследаванні на сайце InformNapalm і ў газеце "Новы час". Ён распавядаў, як журналісты ідэнтыфікавалі былых супрацоўнікаў украінскага спецпадраздзялення "Беркут", якія ўдзельнічалі ў разгонах беларускіх пратэстаў у шэрагах беларускага АМАПа. 4 сакавіка, за два тыдні да яго затрымання, выйшла трэцяя частка расследавання.

За кратамі журналісту блакуюць ліставанне, не аддаюць выданні, а таксама неаднаразова змяшчалі ў карцар. Вядома, што журналіст адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні. Улетку 2021 года ў журналіста пачаліся праблемы з сэрцам.

Еўрапейскія дыпламаты прыехалі на судовы працэс па справе Дзяніса Івашына

Па відэа, якія публікуюцца ў праўладных тэлеграм-каналах, да дыпламатаў падбеглі прадстаўнікі дзяржаўных СМІ з пытаннямі «якія праблемы грамадзян Еўразвяза прывялі прадстаўнікоў ЕС у суд над беларускімі крымінальнікамі».

Вядома, што на судовы працэс хацелі трапіць прадстаўнікі Еўрапейскага саюзу ў Беларусі і дыппрадстаўніц Брытаніі, Чэхіі, Аўстрыі.

Падтрымаць палітвязня: Турма №1, 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1, Дзянісу Яўгенавічу Івашыну

Крыніца: У Гродне ў закрытым рэжыме пачынаюць судзіць журналіста Дзяніса Івашына Дапоўнена