У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 17-18 жніўня збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Палітзняволенаму Эдуарду Пальчысу ўзмацнілі пакаранне — яго перавялі ў турму №4 у Магілёве

Эдуард Пальчыс. Фота: © Sputnik/Тамара Бяляева

Пра гэта напісала жонка палітвязня:

«Пальчысу ўзмацнілі пакаранне і перавялі адбываць у турму нумар 4 у Магілёве. Суд быў 5 хвілін па скайпе, відаць, усё прыблізна ў адзін час з Сяргеем Ціханоўскім і іншымі».

Нагадаем, 17 снежня Пальчысу прысудзілі 13 гадоў калоніі.

У Мiнску затрымалі ілюстратара Вадзіма Багрыя

На «пакаяльным» відэа у праўладным тэлеграм-канале ён кажа, што ствараў стыкеры, «якія распальваюць варожасць».

Як піша @euroradio, верагодна, гутарка ідзе пра стыкерпакі Luka і Sasha 3%, якія прызналі ў Беларусі «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

Андрэю Пачобуту выставілі дадатковае абвінавачанне

Палітзняволенаму журналісту і актывісту Саюза палякаў Андрэю Пачобуту выставілі новае абвінавачанне

У дадатак да ранейшага «Распальвання варажнечы» (арт. 130 КК) Пачобуту выставілі абвінавачанне і ў «Закліках да мер абмежавальнага характару (санкцый), накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы» (арт. 361 КК). Пра гэта стала вядома @bajby.

Андрэй Пачобут

Андрэй Пачобут за кратамі па так званай «польскай справе» з сакавіка 2021 года. Неўзабаве ягоная справа будзе перададзеная ў суд.

Падтрымаць палітвязня: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Андрэй Станіслававіч Пачобут.

Вынікі рэйду сілавікоў у Пінску: не менш за 12 затрыманняў і адна крымінальная справа

Стала вядома, што пасля «аблавы» сілавікоў напачатку жніўня ў Пінску затрымалі як мінімум 12 чалавек і завялі адну крымінальную справу. З затрыманымі запісвалі «пакаяльныя відэа». 45-гадоваму Сяргею Савічу прад'яўлена абвінавачванне ў «распальванні варожасці» па арт. 130 Крымінальнага кодэксу. Цяпер ён ў пінскім ізалятары.

Інфармацыя дапаўняецца.

Крыніца: Новыя абвінавачанні палітвязням, узмацненне рэжыму ўтрымання: хроніка пераследу 17-18 жніўня