У судзе Ленінскага раёна Магілёва 15 жніўня вынеслі прысуд палітвязню Алегу Яфрэменку, якога абвінавацілі па ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Суддзя Вікторыя Палякова асудзіла Алега да яшчэ аднаго года калоніі. Раней палітвязню ўжо ўзмацнялі рэжым — у верасні 2021 года з калоніі, дзе ён адбываў тэрмін за падсечку міліцыянту, Алега перавялі на турэмны рэжым у Магілёў. Вядома, што адміністрацыя магілёўскай турмы рэгулярна змяшчала палітвязня ў ШІЗА.

Алег Яфрэменка — жыхар Віцебска, якога ўжо 23 месяца ўтрымліваюць за кратамі. 9 снежня 2020 года яго асудзілі па артыкуле аб гвалце да супрацоўніка МУС (арт. 364 КК). Яго абвінавацілі ў тым, што ён зрабіў падсечку міліцыянту падчас вулічнага шэсця 13 верасня 2020 года — той упаў і падрапаў далоні. Суд прызначыў Алегу 4,5 гадоў калоніі. Адбываць тэрмін яго накіравалі ў магілёўскую калонію № 15. Але праз некалькі месяцаў яму ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым.

Ініцыятарам узбуджэння новай крымінальнай справы стала адміністрацыя магілёўскай турмы № 4. У турме Алега рэгулярна змяшчалі ў ШІЗА па надуманых прычынах.

Справу Яфрэменкі ў судзе Ленінскага раёна Магілёва пачалі разглядаць яшчэ 26 ліпеня. Спачатку палітвязня абвінавачвалі па ч. 2 арт. 411 Крымінальнага кодэкса, але падчас суда яму перакваліфікавалі частку на першую — яна прадугледжвае больш мяккае пакаранне.

Суддзя Вікторыя Палякова 15 жніўня прысудзіла Алегу ў дадатак да чатырох з паловай гадоў калоніі яшчэ год у зняволенні

Па дадзеных праваабаронцаў, за апошні год як мінімум 30 палітзняволеных перавялі ў «крытую» турму, і супраць яшчэ чатырнаццаці распачалі новыя крымінальныя справы па арт. 411 КК. 

Беларусы на «крытай»: як палітвязняў працягваюць пераследаваць у калоніях

«Вясна» распавядае, якія метады пакарання выкарыстоўвае адміністрацыя калоній супраць палітвязняў і хто з палітычных вязняў прызнаны «злоснымі парушальнікамі рэжыму».

Падтрымайце палітвязня грашовымі пераводамі, лістамі салідарнасці і тэлеграмамі:

Турма № 4, 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А

Алег Віктаравіч Яфрэменка

Крыніца: Палітвязня Алега Яфрэменку асудзілі да яшчэ аднаго года зняволення за "непадпарадкаванне" адміністрацыі магілёўскай турмы