У судзе Бабруйскага раёна і Бабруйска 10 жніўня вынесены прысуд групе мясцовых “тэрарыстаў”. Па справе праходзілі Ігар Казлоў, Канстанцін Ермаловіч, Віталь Мінкевіч, Наталля Кед і Надзея Полькіна.

Іх абвінавацілі па некалькіх артыкулах:

  • стварэнне арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці або ўдзел у ёй (ч. 2 арт.  290-4 Крымінальнага кодэкса);
  • акт тэрарызму (ч.2 арт. 289 Крымінальнага кодэкса);
  • пагроза здзяйснення акта тэрарызму; (ч.2 арт. 290 Крымінальнага кодэкса);
  • абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (ч.1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса).

Судовы працэс вяла суддзя Наталля Агладкова.

У першы дзень судовага пасяджэння, 15 ліпеня, суддзя пастанавіла праводзіць працэс у закрытым рэжыме, таму вельмі мала на гэты час інфармацыі аб судовым працэсе.

Вядома, што ўсіх пяцярых бабруйчан абвінавачваюць у тым, што яны спалілі пудзіла Лукашэнкі ў сакавіку 2021 года.

Асобна Мінкевіча, Казлова і Ермаловіча абвінавачваюць за шэраг дзеянняў "тэрарыстычнага характару" летам-восенню 2021 года.

Тады УУС Магілёўскага аблвыканкама заявіла, што каля чыгуначнай станцыі Мірадзіна знойдзены прадмет, падобны на выбуховае прыстасаванне. Падобныя прадметы былі знойдзеныя работнікамі чыгункі 24 і 31 жніўня паміж рэйкамі каля чыгуначнай станцый Цітоўка і Бабіна, а таксама 16 верасня прадаўцом "Табакеркі" каля самага гандлёвага кіёска ў Бабруйску.

Таксама сілавікі палічылі тэрактам падпал стралковага ціра, які належыць вайсковай частцы 5527 (Бабруйск).

Канстанцін Ермаловіч, Віталь Мінкевіч, Ігар Казлоў былі затрыманыя 26 верасня 2021 года, цяпер іх утрымліваюць у СІЗА-5 у Бабруйску. Статус і месцазнаходжанне жанчын невядомыя.

Усіх траіх юнакоў КДБ унёс у “спіс асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці”.

1 жніўня абвінавачанне запрасіла для іх вялізныя тэрміны зняволення. Так, па інфармацыі bobruisk_online, Канстанціну Ермаловічу — 17 гадоў пазбаўлення волі, Віталю Мінкевічу — 16 гадоў, Ігару Казлову — 15 гадоў. Наталлю Кед хочуць асудзіць на 2 гады "хатняй" хіміі, а Надзею Полькіну хочуць адправіць на два гады ў калонію агульнага рэжыму: абедзве жанчыны праходзяць па справе аб спальванні пудзіла.

Сёння вынесены прысуд:

Наталлю Кед, надзею Полькіну, Ігара Казлова, Віталя Мінкевіча і Канстанціна Ермаловіча прызналі вінаватым у тым, што яны спалілі пудзіла Лукашэнку ў сакавіку 2021 года.

Асобна Мінкевіча, Казлова і Ермаловіча прызналі вінаватымі ў шэрагу дзеянняў "тэрарыстычнага характару" летам-восенню 2021 года.

Такім чынам:

Канстанціну Ермаловічу — 16 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму;

Віталь Мінкевіч — 15 гадоў пазбаўлення воліў калоніі ўзмоцненага рэжыму;

Ігар Казлоў — 14 гадоў пазбаўлення воліў калоніі ўзмоцненага рэжыму;

Надзея Полькіна — 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму;

Наталля Кед — 2 гады абмежавання волі. 

Крыніца: У Бабруйску суд вынес суровыя прысуды за "тэрарыстычныя дзеянні"