У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 10 жніўня збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У Мінску за ўдзел у пратэстах затрымалі Валерыю Шалесную
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што дзяўчына разам з сяброўкамі прыняла ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту ў Мінску.
Палітвязня Юрыя Кавалёва накіравалі на прымусовае стацыянарнае лячэнне ў РНПЦ псіхічнага здароўя
1 ліпеня палітвязень Юрый Кавалёў выйшаў з ваўкавыскай калоніі на волю, цалкам адбыўшы тэрмін. Пасля вызвалення Кавалёў знаходзіўся ў лякарні — яму рабілі аперацыю. Але адтуль яго забралі міліцыянты і прывезлі ў РНПЦ псіхічнага здароўя. «Гомельская Вясна» паведамляе, што адносіны да яго там добрыя.
Нагадаем, суд Ваўкавыскага раёна 28 чэрвеня, за тры дні да вызвалення, асудзіў палітвязня паводле ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай калоніі). Юрыю прызначылі прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары. Яго затрымалі 23 ліпеня 2021 года за тое, што назваў Лукашэнку «дэбілам» на прыёме ў псіхіятра. 22 ліпеня 2021 года суд Буда-Кашалёўскага раёна ў закрытым рэжыме прысудзіў Кавалёву год калоніі паводле арт. 368 КК.
Учора ў Баранавічах на Паркавай вуліцы затрымалі «афганца» Генадзя Борыса
Затрыманне праводзілі супрацоўнікі АМАП. Паводле папярэдняй інфармацыі, нагода — каментары пра ўладу ў «Аднакласніках».
У Мінску за ўдзел у пратэстах затрыманы 32-гадовы Павел Мазурэнка
На «пакаяльным відэа», якое апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы, мужчына кажа, што ўдзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту і перакрываў рух транспарту.
Інфармацыя дапаўняецца.
Крыніца: Хваля затрыманняў не спыняецца: хроніка пераследу 10 жніўня