Пасля публікацыі на сайце праваабарончага цэнтра “Вясна” матэрыяла “Кругі пекла: пасля судоў і штрафаў актывістаў “прэсуюць” судовыя выканаўцы” з’яўляюцца новыя доказы непрафесійнай і не зусім адэкватнай дзейнасці службы прымусовага выканання пры гарадскім ўпраўленні юстыцыі.
Сярод фактаў, сабраных праваабаронцамі, прагучала гісторыя з актывістам Леанідам Кулаковым, якому, згодна з прадпісаннем судовых выканаўцаў, была адключаная мабільная сувязь і накладзены арышт на аўтамабіль. І гэта пры тым што штрафы, вынесеныя пастановамі судоў, былі аплочаныя ў кастрычніку 2017 года.
1 лютага адбыўся працяг гэтай “сумнай эпапеі”. Распавядае Леанід Кулакоў:
“Толькі што да мяне дадому прыходзіў участковы міліцыянт. Прасіў, каб б я яму напісаў распіску аб тым, чаму не прыходжу да судовых выканаўцаў. Я адмовіўся даваць якія небудзь распіскі, адзначыўшы пры гэтым, што ў мяне ўсе штрафы аплачаныя і я нікому нічога не вінен. Участковы адказаў, што ў яго ёсць іншая інфармацыя ад судовых выканаўцаў, што я вінен ім. Мне давялося паказваць яму ліст ад прыставаў, дзе гаворыцца, што я ні чаго не павінен і паказваць копію плацёжкі, якая была аплочаная яшчэ ў кастрычніку 2017 года. Нават пасля ўсіх гэтых штрафаў, якія былі аплачаны яшчэ ўвосень, паганая ўлада да гэтага часу яшчэ тэрарызуе мяне".
– Чаму так няўзгоднена працуюць дзяржаўныя службы – невядома, калі толькі гэта не новы варыянт траўлі актывістаў? – разважае Кулакоў.
Застаецца толькі дачакацца адказу на скаргу, якую Кулакоў накіраваў на адрас начальніка ўпраўлення прымусовага выканання упраўлення юстыцыі Мінгарвыканкама. У скарзе актывіст просіць правесці праверку па агучаных фактах і прыцягнуць вінаватых асоб да ўстаноўленай заканадаўствам адказнасці за незаконнае парушэнне права ўласнасці на аўтамабіль і забарону на карыстанне паслугамі электрасувязі.
Юрыст Ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры Тамара Сяргей, якая таксама мае шмат клопатаў праз дзеянні судовых выканаўцаў, раіць наступнае:
“Каб пазбегнуць такіх сітуацый, зараз усе дакументы я пасылаю толькі заказной карэспандэнцыяй, а ў выпадку адпраўкі зваротаў ці лістоў у дзяржаўныя органы электроннай поштай – раблю копіі адпраўленых лістоў і захоўваю іх асобна".