У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 3 жніўня збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Жыхара Слоніма затрымліваў ГУБАЗ і АМАП

У Слоніме 2 жніўня супрацоўнікі ГУБАЗ і байцы АМАП затрымалі Дзяніса Ваўчка па падазрэнні ў здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння.

Аднак адзін з праўладных каналаў паспяшаўся напісаць болей: “ГУБАЗ і байцы АМАП затрымалі неверагоднага, які ў 2020 годзе адправіўся рабіць рэвалюцыю ў Мінску. Ну а далей стандартны набор: распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў і абраза прадстаўніка ўлады”.

Завершана расследванне па справе Ігара Ледніка

Чакаецца, што судовае разбіральніцтва распачнецца ў пачатку верасня. Нагадаем, што Ігар Леднік абвінавачваецца па арт. 367 КК РБ "Паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь" за публікацыю ў партыйным часопісе "Пазіцыя". Яго Фэйсбук-старонка прызнана экстрэмісцкай.

Ігар Леднік. Фота з сацыяльных сетак.

З красавіка 2022 г. Ігар знаходзіцца ў турме. Перад гэтым ён двойчы адбыў адміністрацыйныя пакаранні ў выглядзе адміністрацыйнага арышту. 

Ігар Леднік мае інваліднасць праз праблемы з сэрцам. Вядома, што ў камеры ён згубіў прытомнасць пасля чаго ў экстранным парадку яму была зроблена аперацыя на страўнікава-кішачным тракце. На дадзены момант стан яго здароўя нездавальняючы, працягвае скардзіцца на болі ў страўніку.

На фэсце Viva Braslav хлопца затрымалі "за дэманстрацыю" татуіроўкі з "Пагоняй"

На нядаўнім музычным фестывалі Viva Braslav было затрыманне наведвальніка "за дэманстрацыю" татуіроўкі з "Пагоняй" і "сімвала анархізму". Сілавікі заявілі пра "экстрэмісцкую сімволіку". Затрыманага яны назвалі анархістам. Па іх версіі, на фестывалі ён быў без майкі, таму міліцыянеры і заўважылі татуіроўкі.

Як піша @mediazona_by, затрыманы Міхаіл Тарлоўскі. Ці быў ён ужо асуджаны, інфармацыі пакуль няма.

Віцебскі прадпрымальнік вярнуўся з Польшы і быў затрыманы

Час ад часу прадпрымальнік Барыс Элькін наведваўся на радзіму, дзе ў яго засталіся сваякі. Некалькі дзён таму ён прыехаў у Віцебск. Затрыманне адбылося 1 жніўня, калі прадпрымальнік выходзіў з машыны. Дома ў яго правялі ператрус, а потым забралі і самога. Падставы затрымання дакладна не вядомыя, але Барыса Элькіна ў Віцебску ведаюць як даўняга прыхільніка дэмакратычных пераменаў.

Адной з падставаў для затрымання прадпрымальніка, як мяркуюць дасведчаныя крыніцы, могуць быць менавіта фотаздымкі з беларускай нацыянальнай сімволікай у сацыяльных сетках – беларускія сілавікі кваліфікуюць гэта як несанкцыянаванае пікетаванне, піша "Віцебская вясна".

У Віцебску ён быў адным  з арганізатараў першай у Беларусі галадоўкі прадпрымальнікаў, якая праходзіла ў лютым 2004 г.

Інфармацыя дапаўняецца

Крыніца: Затрыманні не спыняюцца ні на дзень: хроніка пераследу 3 жніўня