Мінскі абласны суд 29 ліпеня пачынае разглядаць справу «аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады». На лаве падсудных знаходзяцца палітзняволеныя палітолаг і літаратуразнаўца Аляксандар Фядута, кіраўнік партыі БНФ Рыгор Кастусёў, супрацоўніца мінскага офісу Зянковіча Вольга Галубовіч, актывіст і дальнабойшчык Дзяніс Краўчук, а таксама юрыст Юры Зянковіч. Суд праходзіць у закрытым рэжыме ў будынку Мінскага раённага суда. Судовы працэс вядзе суддзя Уладзімір Арэшка. Раней КДБ паведамляў, што па гэтый крымінальнай справе аб "захопе ўлады" праходзяць дзевяць чалавек, але пад вартай знаходзяцца толькі пяцёра — астатнія за мяжой. Пры гэтым Галубовіч і Краўчука вінавацяць толькі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту. За кратамі "змоўшчыкаў" утрымліваюць ужо больш за 15 месяцаў, а стан здароўя некаторых вельмі пагоршыўся — у Кастусёва нават выявілі анкалагічнае захворванне. "Вясна" распавядае, у чым абвінавачваюць фігурантаў, і што цяпер вядома па справе. Усіх абвінавачаных затрымалі ў красавіку 2021 когда і з таго часу яны знаходзяцца пад вартай. Аляксандра Фядуту і Рыгора Кастусёва затрымалі 12 красавіка ў Маскве. Рыгора Кастусёва і Вольгу Галубовіч затрымалі ў гэты ж дзень, але ў Беларусі. Дзяніса Краўчука затрымалі толькі праз два тыдні — 26 красавіка. Пасля гэтага КДБ і ФСБ заявілі, што нібыта прадухілілі замах на Лукашэнку і ягоных сыноў, а таксама аб "раскрыцці дзяржаўнага перавароту".

Рыгор Кастусёў на судзе 29 ліпеня
Рыгор Кастусёў на судзе 29 ліпеня

У чым абвінавачваюць фігурантаў справы?

Праз некаторы час па дзяржтэлебачанні паказалі фільм, з якога вынікае, што за абвінавачанымі працяглы час сачылі спецслужбы, а вайскоўцаў, з якімі яны кантактавалі, ім падставілі. КДБ таксама паведаміў, што агулам па справе аб «захопе ўлады» праходзяць дзевяць чалавек: Фядута, Зянковіч, Кастусёў, Галубовіч, а таксама Дзмітрый Шчыгельскі, Аляксандр Перапечка, Павел Кулажэнка, Віталь Макаранка і Ігар Макар.

Вядома, што яны ўдзельнічалі ў зум-сустрэчы і падчас размовы абмяркоўвалі будучыню Беларусі, магчымыя перамены ў краіне, а таксама гучалі і радыкальныя прапановы. Пазней частцы ўдзельнікаў прапанавалі сустрэчу ў рэстара з беларускімі сілавікамі ў Маскве, дзе іх справакавалі на розныя заявы. Адразу пасля сустрэчы затрымалі Зянковіча і Фядуту.

Удзельнікі

У прапагандысцкім фільме паказалі і допыты фігурантаў. Тады Зянковіч называў сябе «тэхнічным арганізатарам» і казаў, што на сустрэчу з вайскоўцамі адправіў яго Дзмітрый Шчыгельскі. Рыгор Кастусёў, сцвярджаў, што проста слухаў размову ў «зуме» і не выказваў ніякіх ідэй. Прапагандысты сцвярджалі, што Вольга Галубовіч прывозіла вайскоўцам грошы ад Зянковіча і пакідала ў камеры захоўвання, а таксама рабіла тайнік на могілках. Таксама ў фільме сцвярджалася, што Кастусёў прызнае віну, хаця на самой справе, гэта не так.

У выніку, фігурантаў вінавацяць па наступных артыкулах Крымінальнага кодэксу:

  • Зянковіч абвінавачваецца па ч.1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч.1 арт.361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім), ч.3 арт. 361 КК (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады), ч.3 арт.130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці).
  • Фядута і Кастусёў — па ч.1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам).
  • Галубовіч і Краўчук — па ч.1 арт. 342 КК (актыўны удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Што вядома пра суддзю па справе? 

Суддзя Уладзімір Арэшка
Суддзя Уладзімір Арэшка

Рэзанансную справу «змоўшчыкаў» прызначыны разглядаць Уладзімір Арэшка. Да лета 2020 года ён займаў пасаду раённага суддзі ў Слуцку.

Гэта не першая «пратэсная» гучная справа ў абласным, якую разглядае Арэшка. 30 траўня гэтага года Арэшка вынес прысуд 37-гадоваму Вячаславу Малейчуку па "факце арганізацыі 25 сакавіка 2021 актаў тэрарызму ў гарадах Барысаў і Мінск". Яго ў закрытым рэжыме абвінавацілі па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 14 і ч. 1 арт. 289, ч. 1 арт. 13 ч. 3 арт. 289 (падрыхтоўка і замах на акт тэрарызму), ч. 3 і ч. 4 арт. 295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да выбуховых рэчываў), ч. 1 арт. 295-3 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, якое дзівіць дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў). Судовая калегія пад старшынствам суддзі Уладзіміра Арэшкі прызначыла яму пакаранне ў выглядзе 22 гадоў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму. Праваабаронцы прызналі Малейчука палітычным зняволеным.

Да гэтага ён разглядаў таксама апеляцыйныя скаргі на «палітычныя прысуды» і пакідаў іх без зменаў.

Падтрымайце фігурантаў справы грашовымі пераводамі, бандэролькамі і пасылкамі, а таксама тэлеграмамі і лістамі салідарнасці па адрасе:

СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Вольга Пятроўна Галубовіч

Дзяніс Пятровіч Краўчук

Юры Леанідавіч Зянковіч

Рыгор Андрэевіч Кастусёў

Аляксандр Іосіфавіч Фядута

Крыніца: Сёння пачынаецца суд па справе "захопе ўлады". Справу будуць разглядаць у закрытым рэжыме