У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 29 ліпеня збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Маладзечне пасля арышту на волю не выйшаў экс-палітвязень Аляксандр Казакевіч

19 ліпеня Аляксандру Казакевічу прысудзілі паўтара года «хатняй хіміі» — суддзя Вольга Дубовік прызнала яго вінаватым паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса («Абраза прадстаўніка ўлады»). Казакевіча вызвалілі ў залі суда, ён правёў у зняволенні тры месяцы.

Аляксандр Казакевіч

Аднак ужо 26 ліпеня Аляксандра зноў затрымалі. З якой нагоды — дагэтуль невядома.

У Віцебску затрымалі былую журналістку TUT.ВY Таццяну Мацвееву

Журналістку затрымалі на віцебскім вакзале пасля вяртання з камандзіроўкі. Перад гэтым ёй тэлефанавалі міліцыянты з прапановай «прыйсці на размову».

Мінулы раз журналістку выклікалі ў міліцыю месяц таму. Як потым паведамляла Таццяна: "Прычына была ў тым, што Тут.бай нядаўна прызналі «экстрэмісцкай арганізацыяй». І вось у мяне амаль 2 гадзіны даведваліся, ці не супрацоўнічаю я з ёй. На развітанне сказалі: да новых сустрэч".

Лебядок пасля арышту на волю не выйшаў

Вядомы вайсковы эксперт Ягор Лебядок не выйшаў на волю пасля 15 сутак арышту.

Нагадаем, яго асудзілі паводле арт. 24.3 КаАП РБ (непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі пры выкананні ім службовых абавязкаў).

Інфармацыя дапаўняецца.

Крыніца: Новыя затрыманні: хроніка пераследу 29 ліпеня