У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 28 ліпеня збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

КДБ унёс у «спіс тэрарыстаў» яшчэ двух чалавек

У спіс дададзены Станіслаў Кузміцкі (жыхар Мінска, абвінавачваеца паводле арт. 130 КК, арт. 290-4 КК, арт. 293 КК і арт. 361 КК) і палітзняволены экс-пракурор Яўген Бабак.

Яўген вядомы вядомы тым, што ў жніўні 2020-га ініцыяваў праверку людзей у форме ДАІ, якія збівалі байкераў ноччу 11 жніўня. Праверка ні да чаго не прывяла, а сам Бабак звольніўся. Яго затрымалі ў чэрвені 2021 года і пазней абвінавацілі паводле арт. 342 КК («актыўны удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») і ч.1 арт. 130 КК («распальванне варожасці»). 12 траўня экс-пракурору прысудзілі чатыры гады калоніі.

Цяпер у «тэрарыстычным» спісе КДБ 890 чалавек, 149 з якіх — беларусы.

У Баранавічах затрымалі сябру ініцыятыўнай групы Ціханоўскай 

Тамара Патоцкая
Тамара Патоцкая

Стала вядома, што ўчора ў міліцыю вылікалі лідэрку Баранавіцкай суполкі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), сябру ініцыятыўнай групы Ціханоўскай Тамару Патоцкую. Паведамляецца, што з міліцыя яе не выпусцілі.

Стала вядома, што сёння ў міліцыю выклікаюць яе сына.

Пастара з Гомеля Дзмітрыя Падлобка будуць судзіць па артыкуле аб «несанкцыянаваным мерапрыемстве» за здзейсненае без дазволу таемства хрышчэння

Сёння яго выклікалі ў міліцыю, каб скласці адміністрацыйны пратакол.

Маці палітвязня Ягора Дуднікава просіць улады Расіі забраць сына з турмы ў Беларусі 

Ягор Дуднікаў. Фота з сямейнага архіва
Ягор Дуднікаў. Фота з сямейнага архіва

Юлія Дуднікава ў лістах у мінюст Расіі і амбасаду Расіі ў Мінску просіць забраць сына з турмы Беларусі ў расійскую калонію.

Яна скардзіцца, што не можа атрымаць спаткання з Ягорам, бо жыве разам з малодшым сынам у Расіі. Дуднікава просіць расійскі мінюст скарыстацца дамовай паміж Беларуссю і Расіяй, якае дае магчымасць перадаваць асуджаных для далейшага адбывання пакарання ў краіну, грамадзянамі якой яны з'яўляюцца, паведамляе BBC.

Нагадаем, грамадзяніну РФ Ягору Дуднікаву прысудзілі 11 гадоў калоніі. Яго адправілі адбываць пакаранне ў бабруйскую ПК-2, аднак у чэрвені 2022 года мясцовы суд вырашыў змяніць Ягору рэжым з узмоцненага на турэмны на тры гады.

Падтрымайце Ягора: Турма № 4, 212011, Магілёў, Крупскай, 99А, Ягору Аляксандравічу Дуднікаву

Інфармацыя дапаўняецца.

  

Крыніца: Хроніка палітычнага пераследу 28 ліпеня Дапоўнена