У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 27 ліпеня збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Сілавікі зноў затрымалі лідара партыі АГП Мікалая Казлова
З канца снежня па канец сакавіка палітык ужо правёў за кратамі тры месяцы.
Паводле Анатоля Лябедзькі, прыйшлі сёння і да іншых сяброў партыі:
«Апрычнікі абралі Дзень прыняцця Дэкларацыі аб Незалежнасці для чарговых зачыстак. Наступ на апошнюю арганізаваную выспу супраціву пачаты. Гэта вайна».
Таксама затрыманая старшыня Мінскай гарадской арганізацыі АГП Аксана Аляксеева.
Паведамляецца, што да яе прыйшлі а сёмай раніцы.
У Гомелі жанчыну затрымалі наўпрост на працоўным месцы
Меркаванай прычынай затрымання Кравец Алены сталі падпіскі на «экстрэмісцкія» Telegram-каналы.
Учора аб 11 гадзіне міліцыянты забралі Алену з працоўнага месца і адвезлі ў РАУС Савецкага раёну. Далейшы лёс жанчыны невядомы, а ў РАУС адказалі, што ў ІЧУ яе адвязуць толькі раніцай 27 ліпеня. Дакладныя прычыны затрымання таксама невядомыя.
Кравец Алену ўжо затрымлівалі ў 2020 годзе за ўдзел у акцыях пратэсту.
Папаўненне ў спісе "экстрэмісцкіх матэрыялаў"
У "Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў" 25 ліпеня па рашэнні суда трапіла супольнасць ў сацыяльнай сетцы "Аднакласнікі" з назвай "ПІНСК СВАБОДНЫ". Пра гэта паведамляе "Берасцейская вясна".
Інфармацыя дапаўняецца.
Крыніца: Затрыманні актывістаў АГП: хроніка пераследу 27 ліпеня