У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Папаўненне ў спісе "экстрэмістаў" 

Facebook-старонку палітвязня Ігара Ледніка прызналі "экстрэмісцкай"

Старонка Ігара Ледніка
Старонка Ігара Ледніка

Праваабаронцы даведалісся, што 18 ліпеня суд Барысаўскага раёна прызнаў інфармацыйную прадукцыю Facebook-старонкі барысаўскага сябра БСДП Ігара Ледніка "экстрэмісцкімі матэрыяламі".

Нагадаем, Леднік знаходзіцца за кратамі ўжо больш за тры месяцы — яго затрымалі ў межах арт. 367 КК "Паклёп у дачыненні да Лукашэнкі". Зняволены мае інваліднасць 2-й групы праз праблемы з сэрцам. У чэрвені 2022 г. адвакатка паведаміла, што стан здароўя палітвязня пагоршыўся, Ігар знаходзіўся ў санчастцы следчага ізалятара ў ляжачым стане. У ліпені стала вядома, што актывісту зрабілі аперацыю на страўнікава-кішачным тракце. Ігар Леднік ідзе на папраўку, ужо ходзіць самастойна.

Падтрымайце вязня лістамі салідарнасці. Адрас такі: Следчая турма № 8. 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А. Ігару Ледніку.

Таксама ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў трапілі:

  • Акаўнт у Instagram "hrodna.likе";
  • Telegram-канал "Гродна Like";
  • Facebook-суполка "Hrodna.lifе" ;
  • Youtube-канал "Hrodna Life";
  • Інтэрнэт-рэсурс "Беларускi народны трыбунал";
  • Telegram-чат "Ученые против насилия";
  • Telegram-канал "ШТО ДУМАЮЦЬ БЕЛАРУСЫ";
  • Інтэрнэт-рэсурс "polskieradio.рl"

Затрыманні

У Маладзечне затрымалі экс-палітвязня, якому тыдзень таму прысудзілі "хатнюю хімію"

Аляксандр Казакевіч
Аляксандр Казакевіч

26 ліпеня праваабаронцы даведаліся пра затрыманне жыхара Маладзечна Аляксандра Казакевіча. Прычыны затрымання пакуль невядомыя. 19 ліпеня Аляксандру прысудзілі паўтара года "хатняй хіміі" — суддзя Вольга Дубовік прызнала яго вінаватым паводле арт. 369 КК "Абраза прадстаўніка ўлады". Казакевіча вызвалілі ў залі суда, ён правёў у зняволенні тры месяцы.

У Мінску затрыманы 39-гадовы Дзмітрый Лабачоў

Дзмітрый Лабачоў
Дзмітрый Лабачоў

Гэта адбылося 25 ліпеня. Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што мужчына нібыта ўдзельнічаў у акцыях пратэсту ў 2020 годзе і перакрываў рух транспарту, а таксама зарэгістраваўся ў плане "Перамога".

Ціск на зняволеных і "хатніх хімікаў"

Палітвязні Дзмітрый Шчурко і Ігар Лосік у калоніі спяць на другім ярусе "шконак", а святло на ноч не выключаюць

Ігар Лосік і Дзмітрый Шчурко
Ігар Лосік і Дзмітрый Шчурко

Палітзняволеных Дзмітрыя Шчурко і Ігара Лосіка ў наваполацкай калоніі № 1 утрымліваюць у адным атрадзе — сёмым. "Брэсцкай Вясне" сталі вядомыя ўмовы іх утрымання: нельга займацца спортам, спяць палітвязні толькі на другім ярусе "шконак", пры гэтым у пакоі ўвесь час гарыць святло, што замінае спаць ноччу.

Нагадаем, Лосік утрымліваецца ў няволі ўжо два гады. Яму прысудзілі 15 гадоў пазбаўлення волі па "справе Ціханоўскага". У калоніі яго паставілі на два прафулікі, а таксама зрабілі вымову за тое, што дрэнна пагаліўся.

Дзмітрыя Шчурко спачатку асудзілі за "крадзеж рацыі" ў амапаўца падчас акцыі пратэсту да двух гадоў "хіміі". Але ў студзені 2022 года палітвязня асудзілі яшчэ па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса. Канчаткова яму прызначылі 2 гады і 6 месяцаў калоніі.

Падтрымайце палітвязняў лістамі салідарнасці. Адрас такі: ПК № 1, 211440, г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8 (Дзмітрыю Аляксандравічу Шчурко, Ігару Аляксандравічу Лосіку)

У Баранавічах рэзка ўзмацніўся ціск на палітычных "хатніх хімікаў"

Новы начальнік Баранавіцкага ГАУСа Андрэй Студзенічнік.
Новы начальнік Баранавіцкага ГАУСа Андрэй Студзенічнік.

Праваабаронцам стала вядома, што з ліпеня ўзмацніўся ціск на асуджаных да "палітычнай хатняй хіміі" жыхароў Баранавічаў. Цяпер усіх "хатніх хімікаў" правяраюць штодня, прычым часам ноччу. Таксама яны абавязаны наведваць чатыры "мерапрыемствы" ў ГАУС на месяц, акрамя таго — прысутнічаць на выязных "палітычных" працэсах, што праходзяць у Баранавічах. Людзі звязваюць узмацненне ціску з прызначэннем новага начальніка ГАУС Андрэя Студзенічніка.

Мікалай Аўтуховіч пятнаццаты дзень трымае "сухую" галадоўку

Вязень такім чынам пратэстуе супраць абмежавання яго ў ліставанні, яму перасталі даходзіць лісты нават ад 83-гадовай маці. У чацвер, 21 ліпеня, стан Аўтуховіча рэзка пагоршыўся: узмацніліся болі ў жываце, пачалася рэзь, стаў надта часты пульс.

"Мікалай працягвае сухую галадоўку. Сёння 15-ы дзень. Турэмны доктар заявіў, што стан Мікалая дазваляе яму ўдзельнічаць у працэсе. Хадайніцтва пра агляд знішнім доктарам адхілілі. Мікалай сказаў, што можа ўдзельнічаць, толькі калі яму дазволяць ляжаць, у гэтым таксама адмовілі. Урэшце яго выдалілі з залы суда за дыскусію з суддзёй, суд працягваецца без Мікалая", — распавяла Śviatłana Bohuš.

30 фактаў пра палітвязня Мікалая Аўтуховіча

Найбольш яркія факты з жыцця вядомага ваўкавыскага прадпрымальніка.

Падтрымаць Мікалая пасылкамі, грашовымі пераводамі і лістамі салідарнасці: Турма №1, 230023, Гродна, Кірава, 1, Аўтуховічу Мікалаю Мікалаевічу

Крыніца: Чарговыя затрыманні, новыя "экстрэмісты", ціск на зняволеных і "хатніх хімікаў": хроніка пераследу 25-26 ліпеня