Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: shraibikus.com Праваабаронцы даведаліся аб выніках судовага разбіральніцтва па справе Васіля Чыха, якога абвінавачваюць у дыскрэдытацыі Беларусі па арт. 369-1 КК.

Справу разглядаў старшыня суда Брэсцкага раёна Сяргей Маручак, які не раз выносіў палітычна матываваныя прысуды.

Вядома, што абвінавачанаму 30 гадоў. У віну Васілю Чыху ставяць тое, што 16 сакавіка гэтага года ў адным з публічных Viber-чатах, які аб'ядноўвае працаўнікоў вагоннага дэпо Брэста, ён "размясціў відэазапіс з загадзя ілжывымі звесткамі аб эканамічным і сацыяльным становішчы Рэспублікі Беларусь".

Падрабязнасцяў з залы суда амаль няма. Вядома толькі, што падчас судовага пасяджэння абвінавачваны прызнаў сваю віну і раскаяўся.

У выніку суд прызнаў Васіля Чыха вінаватым ва ўчыненні злачынства паводле арт. 369-1 КК "Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь", пакараўшы яго 1,5 гадамі пазбаўлення волі без штрафу з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Мабільны тэлефон, як прыладу здзяйснення злачынства, суд пастанавіў канфіскаваць на карысць дзяржавы. Прысуд не ўступіў у законную сілу, можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку.

"Вясна" збірае інфармацыю з "палітычных" судовых пасяджэнняў, што адбываюцца па ўсёй краіне. Калі ласка, дасылайце нам аўдыё і тэкставую інфармацыю ў Telegram: @ViasnaSOS@spring96info і Email: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.

Крыніца: "Дыскрэдытаваў" Беларусь відэа аб эканоміцы Беларусі — паўтара года калоніі