У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 21-22 ліпеня збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У Мінску супрацоўнікамі Ленінскага РУУС 21 ліпеня быў затрыманы непаўнагадовы Сяргей А. Што стала прычынай затрымання пакуль невядома, але на яго склалі пратакол па арт. 23.24 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне).
Рэсурсы ў Telegram, Facebook, Instagram, "ВКонтакте" і "Аднакласніках" "Волковыск. НОВОСТИ", "Волковыск. Доска позора" и "Гродненская Область Перемен!" 17 ліпеня прызнаны экстрэмісцкім фарміраваннем.
Суд па "справе аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады" пачнецца 29 ліпеня
Справа будзе разглядацца ў Мінскім абласным судзе. Фігурантамі з'яўляюцца Юры Зянковіч, Аляксандар Фядута, Рыгор Кастусёў, Вольга Галубовіч і Дзяніс Краўчук.
- Зянковіч абвінавачваецца па ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч.1 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім), ч. 3 арт. 361 КК (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады), ч.3 арт.130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці);
- Фядута і Кастусёў — па ч.1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам);
- Галубовіч і Краўчук — па ч. 1 арт. 342 КК (актыўны удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
Лідчаніна затрымалі за абразу Лукашэнкі (арт. 368 КК) у Telegram-чаце і распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў (арт. 19.11 КаАП)
Міліцыя зацікавілася ім пасля вяртання ў Беларусь з Польшчы, паведамляе @nebovkletku.
У Ваўкавыску затрымалі супрацоўніка "Краснасельскбудматэрыялы"
Яго затрымалі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, распаўсюджванне матэрыялаў, якія "ганьбяць" Аляксандра Лукашэнку і нацыянальныя сімвалы Рэспублікі Беларусь.
У Гродне затрыманы тыктокер fair.bу — на яго падпісаныя больш за 20 тысяч чалавек
Мужчыну клічуць Яраслаў Вялічка, і яму 33 гады. Ён працуе плітачнікам-абліцоўшчыкам у "Гродзенскіх электрычных сетках".
Мяркуючы па фота ад сілавікоў, Яраслаў удзельнічаў у пратэстах у 2020 годзе. Што яму ставяць у віну і ці ставяць нешта — невядома.
Палітвязня Сяргея Наліўку пераводзяць з «хіміі» ў калонію — яму ўзмацнілі пакаранне
21 ліпеня ў судзе Чыгуначнага раёна Віцебска адбыўся суд над фігурантам брэсцкай "справы карагодаў" Сяргеем Наліўкам. Суддзя Дзяніс Аляксеенка пастанавіў перавесці палітвязня з ПУАТ у папраўчую калонію тэрмінам на шэсць месяцаў і адзін дзень.
Нагадаем, у судзе Маскоўскага раёна Брэста 7 траўня 2021 Сяргею прызначылі два гады «хіміі». Яго абвінавацілі ва ўдзеле 13 верасня 2020 года ў карагодзе на скрыжаванні бульвара Касманаўтаў і праспекта Машэрава ў Брэсце, калі пратэстоўцы былі разагнаныя вадамётам. З 26 ліпеня 2021 года Сяргей адбываў тэрмін у віцебскай ПУАТ № 9. Вядома, што з 18 красавіка па 18 траўня Сяргея ўтрымлівалі ў ШІЗА.
Сілавікі затрымалі мінчука, які амаль два гады таму ў пад'ездзе напісаў «Жыве Беларусь»
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне тату-майстра Алега Фалея. На «пакаяльным відэа» ён кажа, што ў жніўні 2020 года наведаў адзін з пратэсных маршаў, пасля якога ў пад'ездзе пакінуў надпіс "Жыве Беларусь".
Мінчука аштрафавалі за грашовыя пераводы ад фонда «Страна для жизни» і спагналі з яго 900 еўра
У канцы чэрвеня ў Мінску супрацоўнікі КДБ затрымалі мужа і жонку. Пасля допытаў іх адпусцілі, але на мужа склалі пратакол па ч. 6 арт. 24.23 КаАП «Парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў, якое суправаджаецца выплатай узнагароды за ўдзел у масавым мерапрыемстве».
Згодна з пратаколам, мужчына «для атрымання фінансавай дапамогі з мэтай пакрыцця выдаткаў, абумоўленых прыцягненнем яго жонкі да адказнасці за парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў, адкрыў рахунак у банку Рaysera, на які фондам «Страна для жизни» былі пералічаны грашовыя сродкі ў памеры агулам 900 еўра, і выкарыстаў атрыманыя грошы для пакрыцця выдаткаў, панесеных у сувязі з аплатай штрафаў, накладзеных на ягоную жонку на падставе ч. 1 арт. 23.34 КаАП».
Вядома, што жанчыну двойчы затрымлівалі на акцыях пратэсту ў 2020 годзе.
Суд над мужчынам адбыўся 4 ліпеня. На працэсе мужчына цалкам прызнаў сваю віну. Суддзя Маскоўскага раёна Мінска Таццяна Мотыль, паводле судовай пастановы, прызнала мужчыну вінаватым па ч. 7 арт. 24.23 КаАП, пры гэтым артыкул прадугледжвае толькі шэсць частак. У выніку мінчука пакаралі штрафам у памеры 480 рублёў (15 базавых велічыняў). Акрамя гэтага, суд пастанавіў на падставе п. 1 ч. 2 арт. 6.10 КаАП спагнаць ва ўласнасць дзяржавы кошт «прадмета адміністрацыйнага правапарушэння» — 2 396 рублёў і 7 капеек ці 900 еўра.
Інфармацыя дапаўняецца.
Крыніца: Затрыманні і новыя "экстрэмісцкія фарміраванні": хроніка пераследу 21-22 ліпеня