Мінскі абласны суд 18 ліпеня пачынае разгляд яшчэ адной крымінальнай справы, звязанай з каментарамі на адрас загінулага супрацоўніка КДБ па “справе Зельцара”. На гэта раз судзяць палітзняволеную Юлію Чамлай, якую вінавацяць у распальванні сацыяльнай варожасці альбо варажнечы (арт. 130 Крымінальнага кодэкса) і абразе прэзідэнта Беларусі (арт 369 Крымінальнага кодэкса).
Справу будзе разглядаць суддзя Анатоль Дабрадзей.
Юлія Чамлай была затрыманая 30 верасня 2021 года ў Крупках па крымінальнай справе, узбуджанай за каментары ў інтэрнэце пасля гібелі ў мінскай кватэры супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і it-спецыяліста Андрэя Зельцэра.
Да суда ўтрымлівалася ў следчай турме № 8 у Жодзіна.
“Юля добрая і сумленная, у ёй яшчэ жывуць юнацкія ідэалы, калі верыш у каханне, дабро і справядлівасць. У мінулым годзе сястра скончыла ўніверсітэт у Віцебску, атрымала дыплом мастака-выкладчыка, але працуе па першай спецыяльнасці ў дзіцячай бібліятэцы, выхоўвае сына”, – так ахарактарызавала Юлю родная сястра.
Нядаўна прозвішча Юліі з'явілася ў абноўленым спісе "асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці".
Крыніца: За каментары на адрас загінулага супрацоўніка КДБ па “справе Зельцара” судзяць бібліятэкарку