У судзе Заводскага раёна горада Мінска вынеслі чарговы прысуд па крымінальнай справе за падзеі 2020-га года. Асуджаныя — Аляксандр Казлоўскі і Аляксандр Цярэшка, абодвум па 26 гадоў. Іх прызналі вінаватымі ў частцы 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса Беларусі —  "арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і якія спалучаны з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады або пацягнулі парушэнне працы транспарту". Судовы працэс пачаўся 11 ліпеня. І, як устанавіў суд, Казлоўскі і Цярэшка 27 верасня 2020 года на праспекце Незалежнасці ў Менску “стаялі ў счэпцы локцямі ў першым шэрагу” грамадзян, якія ішлі па праезнай частцы. У выніку гэтага, па версіі следства, быў блакаваны рух грамадскага транспарту і адбыўся збой у яго працы.

Затрыманне пратэстоўца ў Мінску 27 верасня. Фота Еўрарадыё
Затрыманне пратэстоўца ў Мінску 27 верасня. Фота: Еўрарадыё

Ні Казлоўскі, ні Цярэшка сваю віну не прызналі.

Суддзя Анжэла Касцюкевіч вынесла прысуд:

  • Аляксандру Цярэшку — абмежаванне волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу (так званая "хатняя хімія") на тэрмін два гады і шэсць месяцаў.
  • Аляксандру Казлоўскаму — пазбаўленне волі на тэрмін адзін год і шэсць месяцаў, а таксама прымусовае лячэнне ад алкагалізму.

Суддзя патлумачыла сваю пазіцыю па Казлоўскаму тым, што раней ён  прыцягваўся да крымінальнай адказнасці, і «шэраг злачынстваў здзейсніў у стане алкагольнага ап'янення».

Суддзя Анжэла Касцюкевіч неаднаразова вынавіла прысуды па палітычна матываваных справах. Напрыклад, менавіта яна асудзіла:

  • на пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму палітвязня Андрэя Папова,
  • на тры гады калоніі агульнага рэжыму палітзняволенага грамадзяніна Украіны Міхаіла Феранца,
  • па два з паловай гады палітзняволеных “нашаніўцаў” Ягора Марціновіча і Андрэя Скурко
  • на два гады “хатняй хіміі” Вольгу Сінялёву, якая адмовілася здаваць кватэру памочніцы пракурора Фрунзенскага раёна Мінска Аліне Касьянчык
  • а таксама напісала заяву ў пракуратуру на адваката Андрэя Мачалава, які быў абаронцам у Вольгі Сінелёвай — пазней ужо экс-адваката асудзілі на два гады “хіміі”

Крыніца: "Стаялі ў счэпцы локцямі". У Мінску вынеслі яшчэ два прысуды за падзеі 2020-га года