Гродзенскі абласны суд 4 ліпеня пачаў разглядаць крымінальную справу актывісткі з Пружанаў Юліі Лаптановіч. Судовы працэс вядзе суддзя Віктар Сянько. Год таму Юлію і яе мужа Ігара асудзілі па "справе карагодаў". Ігара адправілі ў калонію, а жанчыне прысудзілі "хатнюю хімію". Праз некалькі месяцаў Юлію затрымалі па новай крымінальнай справе. Цяпер палітзняволеную, якую ўтрымліваюць за кратамі ўжо 9 месяцаў, абвінавачваюць па шасці артыкулах Крымінальнага кодэкса. Пракурор просіць пакараць шматдзетную маці 5 гадамі калоніі і штрафам у памеры 3 200 рублёў. Прысуд будзе агучаны 18 ліпеня. Юлія і Ігар Лаптановічы — актывісты з Пружанаў, якія цяпер знаходзяцца за кратамі. На волі іх чакаюць трое дзяцей.
Пераслед сям’і Лаптановічаў
Мужа і жонку асудзілі 4 жніўня 2021 года ў Брэсце па «справе карагодаў» за падзеі 13 верасня 2020 года, калі пратэстоўцы вадзілі карагод і спявалі песні, а іх разагналі вадамётам. Тады Ігара асудзілі да 2,5 гадоў калоніі, а Юлію — да 3 гадоў «хатняй хіміі». Праз некалькі месяцаў пасля вынясення прысуду, 13 кастрычніка 2021 года, дома ў Юліі прайшоў ператрус, пасля якога яе затрымалі ў межах новай крымінальнай справы. У палітзняволенай за час зняволення ў СІЗА №7 выявіўся апендыцыт. Жанчыне зрабілі аперацыю і цяпер яе стан добры.
Вядома, што ад Юліі не дайшло ні аднаго ліста з моманту, як жанчыну этапавалі ў гарадзенскую турму.
Палітвязня па "справе карагодаў" Ігара Лаптановіча асудзілі да 2,5 гадоў калоніі, а ягоную жонку — да 3 гадоў "хатняй хіміі"
У чым абвінавачваюць шматдзетную маці?
Юліі Лаптановіч прад’явілі абвінавачванні па шасці артыкулах Крымінальнага кодэкса:
- арт. 188 (Паклёп);
- ч. 1 арт. 13 арт. 369 (Стварэнне ўмоваў для здзяйснення абразы прадстаўніка ўлады);
- ч. 1 арт. 1 арт. 389 (Стварэнне ўмоваў для здзяйснення пагрозы ў дачыненні да суддзі);
- ч. 6 арт. 16 і ч. 1 арт. 366 (Садзейнічанне да пагрозы гвалтам у дачыненні да службовай асобы);
- ч. 3 арт. 203-1 (Незаконныя дзеянні ў дачыненні да персанальнай інфармацыі);
- ч. 1 арт. 361-4 (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
Следчы камітэт паведаміў, што падчас допыту Юлія распавяла, што ў ліпені мінулага года ў сацсетках з ёй звязаўся карыстальнік, які прапанаваў фінансавую падтрымку за прадастаўленне інфармацыі аб службовых асобах, якія ажыццяўлялі ў дачыненні да яе сям'і крымінальны пераслед. Жанчына пагадзілася праз цяжкае матэрыяльнае становішча, бо выхоўвае траіх непаўнагадовых дзяцей, а муж знаходзіцца ў калоніі. Паведамляецца, што шматдзетная маці выканала ўсе ўмовы суразмоўцы і атрымала грашовы перавод на суму больш за 500 еўра. Акрамя гэтага, на рахунак абвінавачанай пераводзіліся грошы, якія яна перадавала сваім знаёмым у якасці фінансавай дапамогі з-за мяжы.Лаптановіч нібыта дала інфармацыю аб персанальных дадзеных і дзейнасці службовых асобаў сваёй знаёмай, у якой быў выхад на экстрэмісцкія телеграм-каналы. Усе звесткі былі апублікаваныя, а пацярпелым, як сцвярджае следства, паступалі пагрозы і абразы ў сувязі з выкананнем імі службовых абавязкаў.
14 ліпеня на судовым пасяджэнні пракурор запрасіў для Юліі пяць гадоў калоніі, а таксама пакараць яе штрафам у памеры 100 базавых велічыняў (3 200 рублёў). Прысуд палітзняволенай будзе агучаны ў панядзелак.
Падтрымайце Юлію бандэролькамі, пасылкамі, грашовымі пераводамі і лістамі салідарнасці па адрасе:
Турма № 1, 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1
Юлія Аляксандраўна Лаптановіч
Падтрымайце Ігара:
ПК № 3, 211322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба
Ігар Анатольевіч Лаптановіч
Крыніца: Пракурор просіць прызначыць палітзняволенай Юліі Лаптановіч 5 гадоў калоніі