14 ліпеня ў Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае ў гэты дзень апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У Іванаве ўчора былі затрыманыя Андрэй Беленькі і Андрэй Дражын
Андрэй Беленькі — былы намеснік начальніка Іванаўскага РАУС, ён звольніўся з міліцыі яшчэ да выбараў.
Андрэй Дражын — мясцовы жыхар, які ў 2020 годзе атрымаў штраф у 1160 рублёў за БЧБ-шыльду з назвай вуліцы, якая вісела на яго доме шэсць гадоў.
Нагадаем, праваабаронцам вядома пра затрыманне ўчора ў Іванаве таксама Падымака Тамары, Кіявец Марыны і Пуцыковіч Алены.
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што ў горадзе праходзіць «шэраг кропкавых затрыманняў удзельнікаў "плана Перамога" ад польскіх спецслужбаў, актывістаў пратэстных акцый 2020 года і аматараў пісаць гадасці ў Інтэрнэце».
Ігару Ледніку ў СІЗА зрабілі аперацыю
Барысаўскаму сябру БСДП Ігару Ледніку, які знаходзіцца ў следчым ізалятары Жодзіна зрабілі аперацыю на страўнікава-кішачным тракце. Актывіст ідзе на папраўку, ужо ходзіць самастойна.
Экспертызы па яго справе завершаны і неўзабаве дакументы будуць перададзеныя ў суд.
Нагадаем, што ў межах крымінальнага арт. 367 "Паклёп у дачыненні прэзідэнта Рэспублікі Беларусь", па якому абвінавачваецца Ігар Леднік быў дапытаны шэраг аўтараў партыйнага часопіса БСДП "Пазіцыя", якія праходзяць сведкамі па крымінальнай справе.
"Тэрарыстычны" спіс папоўніўся яшчэ двума беларусамі
Камітэт дзяржаўнай бяспекі працягвае абнаўляць спіс "асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці". У новай версіі пераліку з'явіліся прозвішчы яшчэ двух беларусаў. Гэта Эдвард Вільчэўскі, жыхар Гродзенскай вобласці, асуджаны па арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці), арт. 293 (масавыя беспарадкі) Крымінальнага кодэкса і Сяргей Кірыковіч, жыхар Гродзенскай вобласці, які асуджаны па арт.130 (распальванне сацыяльнай варожасці).
Інфармацыя дапаўняецца.
Крыніца: "Іванаўская спецаперацыя", абнаўленне ў тэрарыстычным спісе: хроніка пераследу 14 ліпеня