12-13 ліпеня ў Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У Беларусі пачаўся працэс ліквідацыі незалежных прафсаюзаў
Рашэннем Вярхоўнага суда ў Беларусі 12 ліпеня ліквідаваныя Беларускі незалежны прафсаюз і Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП). Апошні ў красавіку быў прызнаны "экстрэмісцкай арганізацыяй".
14 ліпеня Вярхоўны суд прыме рашэнне па Свабодным прафсаюзе Беларускім (СПБ) і Свабодным прафсаюзе металістаў (СПМ). 18 ліпеня — па Беларускім кангрэсе дэмакратычных прафсаюзаў.
10 чэрвеня генпракурор Андрэй Швед накіраваў у Вярхоўны суд заяву аб спыненні дзейнасці некалькіх незалежных прафесійных аб’яднанняў, такіх як СПМ, СПБ, БНП, РЭП і БКДП.
За рэпост пяцігадовай даўніны — штраф у 960 рублёў
У горадзе Іванава 22 чэрвеня суд разгледзеў справу па артыкуле 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) з-за рэпоста пяцігадовай даўніны, піша брэсцкая "Вясна". Так, паводле рашэння суда, 27 сакавіка 2017 года Мікалай Б. зрабіў на сваёй фэйсбук-старонцы рэпост з "Радыё Свабода". Гэта было выяўлена 26 траўня 2022 года. Нагадаем, 3 снежня 2021 года суд прызнаў фэйсбук-старонку "Радыё Свабода" экстрэмісцкімі матэрыяламі.
У выніку, суддзя Кудласевіч прызначыў Мікалаю 30 базавых велічыняў штрафу (960 рублёў) за "захоўванне з мэтай распаўсюджвання экстрэмісцкіх матэрыялаў".
Справу журналісткі Ціны Палынскай перадалі ў пракуратуру
Нагадаем, сілавікі прыйшлі да полацкай журналісткі у нядзелю, 5 чэрвеня. Нагодай для ператрусу стаў крытычны пост у фэйсбуку пра візіт у Беларусь патрыярха Кірыла.
Палынская паведаміла, што на яе можа быць заведзена крымінальная справа.
"Справа выведзена ў кампетэнцыю Следчага камітэта. Усё будзе вырашаць лінгвістычная экспертыза. Адначасна будуць даследавацца мае паводзіны ў сацсетках на працягу ўсяго… неспакойнага часу", — напісала журналістка.
У аўторак следчыя прапанавалі Ціне прыйсці да іх забраць камп'ютар. Калі журналістка прыйшла па сваю тэхніку, дык даведалася, што справа яе зусім не закрытая, як яна спадзявалася, а перадаецца далей у пракуратуру.
Ціна спадзяецца, аднак, што ў пракуратуры ёй таксама пашанцуе на "добрых людзей":
"Пакуль што ўсе, каго я сустрэла за гэтую гісторыю, — добрыя людзі. Не тыя, каму за радасць мучыць іншых".
У Магілёве асудзілі кнігарню за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў"
Суд Ленінскага раёна Магілёва 5 ліпеня разглядзеў адміністрацыйную справу па ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) супраць кнігарні "Асвета". Судовы працэс вяла суддзя Аксана Ратнікава. Вынік суда невядомы.
Нагадаем, у 2022 годзе ўлады прызналі «экстрэмісцкімі» кнігуВіктара Ляхора "Ваенная гісторыя Беларусі. Героі. Сімвалы. Колеры", зборнік артыкулаў пад рэдакцыяй Анатоля Тараса "Беларусь на раздарожжы", выданне Дзмітрыя Лукашука і Максіма Гарунова "Беларуская нацыянальная ідэя" і кнігу Альгерда Бахарэвіча "Сабакі Эўропы". Таксама неаднаразова з'яўляліся звесткі пра забарону ў Беларусі антыўтапічнага рамана “1984” Джорджа Оруэла.
14 чэрвеня пракуратура Савецкага раёна Мінска запатрабавала выдаліць "экстрэмісцкія кнігі" з пляцовак kufar.by, Ozon.ru и Bestbooks.by. У ведамстве паведамлялі, што распачалі адміністрацыйны працэс "па фактах распаўсюду названай інфармацыйнай прадукцыі" паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП.
Двое слуцкіх хлопцаў абвінавачваюцца ў здзеку з дзяржаўнага сцяга
Па дадзеных следства, ноччу 2 ліпеня ў Слуцку двое хлопцаў ва ўзросце 19 і 23 гадоў сарвалі дзяржаўны сцяг з будынку паліклінікі. Маладыя людзі нібыта зламалі дрэўка, кінулі палатно на зямлю, тапталі яго нагамі, разразалі, а пасля выкінулі. Тое, што адбывалася, здымаў на тэлефон іх знаёмы.
Хлопцам прад'яўлена абвінавачанне паводле арт. 370 (здзек з дзяржаўных сімвалаў) Крымінальнага кодэкса Беларусі. Яны знаходзяцца пад вартай. Прозвішчы затрыманых высвятляюцца.
Яўген Батура не выйшаў на волю пасля 10 сутак на Акрэсціна — яго перавялі ў СІЗА-1
Пра гэта паведаміла ягоная жонка Дзіяна Серадзюк:
"Дарагія, Жэня на Валадарцы, сёння для яго прынялі перадачу. Пішыце яму: 220030, СІЗА-1, Мінск, вул. Валадарскага, 2. Батуру Яўгену Анатольевічу.
А 31 ліпеня ў яго Дзень народзінаў, думаю, ён будзе рады вашым цёплым віншаванням".
Нагадаем, мужчыну затрымалі 29 чэрвеня. Родным Яўгена патэлефанаваў следчы і паведаміў, што Батура затрыманы, бліжэйшыя 10 сутак правядзе на Акрэсціна. Вядома, што яму выставілі абвінавачванне па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) за ўдзел у Маршы МТЗ ад 14 жніўня 2020 года.
Інфармацыя дапаўняецца.
Крыніца: Хроніка палітычнага пераследу 12-13 ліпеня Дапоўнена