Месяц таму палітзняволенага Івана Паршына асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі. Да прысуду мужчына больш за паўгода правёў у СІЗА без следства. «Вясна» паразмаўляла з мамай і блізкімі Івана пра ягонае дзяцінства, захапленні і настрой пасля прысуду.

Граў на кларнеце, збіраў мадэлі самалётаў

Мама палітвязня Ларыса Мікалаеўна расказвае, што Іван быў цікаўным дзіцем. Напрыклад, ён граў на кларнеце і ў складзе школьнага аркестра нават ездзіў на фестываль духавых аркестраў у Германію. Яна ўзгадвае, як аднаго разу сын сяброўкі прапанаваў Ваню «пакруціць» музыку на ягоным магнітафоне, а хлопчык здзівіўся: навошта «круціць» музыку, калі яе можна зайграць? 

parshyn_15.jpg
Маленькі Ваня. Фотаздымак зрабіў ягоны бацька — прафесійны фатограф

У Вані было актыўнае дзяцінства: ягоныя бацькі былі турыстамі-воднікамі, таму хлопчык увесь час хадзіў з імі ў паходы, ездзіў на азёры і плаваў на байдарках. Але больш за ўсё яму падабалася збіраць мадэлі самалёцікаў з любых падручных сродкаў (у ход ішлі нават мамчыны гузікі): імі быў застаўлены ўвесь дом. А калі ў сям'і з'явіўся першы камп'ютар, Ваня захапіўся ім — гэта і стала ягонай прафесіяй. Іван працаваў на архітэктурнай фірме і рабіў праекты драўляных дамоў з брусу.

«У архітэктуры яму падабаецца многае і рознае, — расказваюць блізкія палітвязня. — Ён робіць праекты ў розных стылях. Калі памёр муж ягонай сястры, Ваня дапамагаў ёй дарабляць праект дома».

Калі мужчына працаваў з дому, паралельна ён глядзеў у інтэрнэце пазнавальныя перадачы пра космас, навуковыя вынаходніцтвы і навукоўцаў, а нядаўна набыў печку і захапіўся гатаваннем мяса.

«Звычайны чалавек, які перажывае за блізкіх»

Сваякі апісваюць Івана як «звычайнага чалавека, які перажывае за сваіх блізкіх і пры магчымасці імкнецца ім дапамагчы». Да затрымання ён ніколі не адмаўляў у дапамозе родным, дапамагаў пляменніцам з камп'ютарамі. Ужо пасля затрымання ён на спатканні «раздаў» сваю маёмасць на час свайго зняволення: тэхніку — пляменніцам, нядаўна набыты «разумны» гадзіннік — бацьку.

Падчас суду Іванаў бацька трапіў у лякарню, і палітвязень вельмі перажываў за яго, і калі на спатканні пачуў, што з ім усё ў парадку, гэта стала найлепшай навіной. Перажывае Іван і за сваіх хатніх улюбёнцаў — ката Мэрфіна і котку Лілу. Ён узяў іх з вуліцы зусім маленькімі, а цяпер за імі прыглядае ягоная сям'я.

«Мы пільна сочым за імі, таму што хочам, каб яны дачакаліся яго ў добрым здароўі, — усміхаюцца родныя. — Ён неабыякавы да жывёлаў з дзяцінства. У нас на вуліцы перад хатай ёсць старая пуня, у якой заўсёды жывуць каты — Ваня то ежу ім прынясе, тое вартуе, каб туды не прыехаў адлоў, тое прыдумае ім хаткі».

«Усё выдатна бачыць і разумее»

У зняволенні Іван пачаў маляваць алоўкамі і чытаць кнігі — раней усё гэта яму замяняў камп'ютар. Родныя дзівяцца, што ён вырашыў чытаць класіку — напрыклад, расказваў у лістах пра «Майстра і Маргарыту». Але лістоў ад Вані не было больш за месяц — пасля суду на час апеляцыі яго перавялі ў магілёўскую Турму № 4, пра што ягоныя родныя дазналіся ад сукамерніка. Але потым прыйшлі адразу тры лісты.

«Канечне, у моманты, калі няма лістоў, перажываеш, — кажуць блізкія. — Калі ягоная маці была на спатканні, у яго быў нармальны стан: не было заўважна дэпрэсіі ці панікі пасля прысуду. Здаецца, ён усё выдатна бачыць і разумее, якія прысуды выносяцца. Адвакат з першага дня казаў, што эмацыйна ён у парадку. А Ваня піша пра ўзаемападтрымку ў камеры».

parshyn_13.jpg
Ваня з сябрамі ў Гомелі вясной 2021 года пасля трох сутак затрымання

Родныя палітвязня, у сваю чаргу, адчуваюць падтрымку на волі: Ларысе Мікалаеўне дапамагаюць і ейныя сяброўкі, і Ваневы сябры.

«Дапамагчы імкнуцца нават незнаёмыя людзі, — расказвае маці палітвязня. — Калі яго затрымалі, я пайшла яму па адзенне ў мясцовы сэканд-хэнд. І калі прадавачка даведалася, куды ўсё купляю, яна назбірала цэлы мех падыходзячых рэчаў і кажа: «Божухна, мы ж не ведаем, як гэтым хлопцам дапамагчы, ніякіх грошай не трэба».

Для Ваневай мамы цяжкім момантам аказаўся суд: у той дзень яна бачыла сына ўпершыню за паўгода. Яна прызнаецца, што не адразу пазнала яго: ён моцна схуднеў, твар быў колеру асфальту, пад вачыма — кругі. Але ўжо на спатканні Іван увесь час усміхаўся ёй і казаў, каб яна не хвалявалася.

«Канечне, цяжка кожны дзень, — прызнаецца Ларыса Мікалаеўна. — Асабліва вечарамі накатвае. Але што зробіш — паўкраіны сядзіць. Намагаюся думаць толькі пра той момант, калі яго адпусцяць. Дай Бог дажыць, зберагчы здароўе, каб дачакацца». 

Падтрымаць Івана лістамі салідарнасці, пасылкамі і грашовымі пераводамі можна па адрасе:

Турма № 4. 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А

Іван Віктаравіч Паршын

Крыніца: Маці палітзняволенага Івана Паршына: "Намагаюся думаць толькі пра той момант, калі яго адпусцяць"