У судзе Светлагорскага раёна 4 ліпеня разглядалася крымінальная справа мясцовай жыхаркі Марыны Савельевай. Жанчыну абвінавачвалі ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 Крымінальнага кодэкса).

Справу разглядаў суддзя Аляксандр Валодзькін.

Па матэрыялах абвінавачання, Марына Савельева яшчэ ў 2020 годзе пакінула зняважлівы, на меркаванне следства, каментарый у інтэрнэце пад допісам пра супрацоўніка міліцыі Уладзіміра Казлоўскага. Аднак падчас расследавання справы следчымі закончыўся тэрмін даўніны, піша “Палеская вясна”.

Старшы лейтэнант міліцыі  Уладзімір Казлоўскі – участковы інспектар міліцыі ў Гродне, які нечакана зваліўся на зямлю падчас правакацыі 29 траўня 2020 года на пікеце па збору подпісаў за вылучэнне кандыдатам у Прэзідэнты РБ Святланы Ціханоўскай. Пад здымкам у інтэрнеце былі напісаны шматлікія каментарыі, якія сталі прычынай шэрагу крымінальных спраў.

Дарэчы, у Рэчыцкім раённым судзе 1 ліпеня разглядалася аналагічная справа Яўгена Пырха, якога абвінавачваюць у абразе прадстаўніка ўлады згодна з арт. 369 Крымінальнага кодэкса.

Падчас судовага працэсу адвакатка хадайнічала аб тым, каб крымінальную справу Пырха спыніць, паколькі ад моманту здзяйснення злачынства прайшло два гады. Можна зрабіць выснову, што жыхару Рэчыцы інкрымінуюць дзеянні, якія адбыліся сама меней у чэрвені 2020 года.

Суд узяў тайм-аут да 11 ліпеня.

Крыніца: Жыхарку Светлагорска, абвінавачаную ў абразе міліцыянта, вызвалілі ад адказнасці