Прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага камітэта па Віцебскай вобласці Павел Левінаў, затрыманы вечарам 5 траўня ў вёсцы Нярэйша Сенненскага раёна ў доме свайго брата, знаходзіцца ў гарадской клінічнай бальніцы № 1 Віцебска. Пра гэта ён паведаміў БелаПАН па тэлефоне.
Левінава затрымалі для адбыцця адміністрацыйнага арышту. 17 красавіка суддзя суда Кастрычніцкага раёна Віцебска Іна Грабоўская пастанавіла пакараць яго 15-сутачным арыштам за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях 25 і 26 сакавіка. Суд праходзіў завочна - Левінаў у гэты час знаходзіўся на лячэнні за межамі Беларусі. Спроба абскардзіць рашэнне раённага суда поспеху не прынесла: Віцебскі абласны суд пакінуў яго ў сіле.
Адразу пасля затрымання ў доме брата Левінава даставілі ў гарадскі пасёлак Багушэўск для складання пратаколу, а затым перавезлі ў віцебскі ізалятар часовага ўтрымання (ІЧУ).
Як распавёў праваабаронца, дзяжурны ІЧУ пацікавіўся станам яго здароўя, замест адказу Левінаў паказаў яму медыцынскія дакументы, якія носіць з сабой. Дзяжурны заявіў, што не можа прыняць затрыманага ў такім стане і выклікаў брыгаду хуткай дапамогі. Медыкі змералі у Левінава ціск, зрабілі кардыяграму і каля паловы на другую ночы даставілі яго ў бальніцу.
Па словах праваабаронцы, на 10 траўня яму прызначаная шпіталізацыя, а на наступны дзень - планавая хірургічная аперацыя.
Крыніца: Затрыманы праваабаронца Павел Левінаў знаходзіцца ў Віцебскай бальніцы