У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 9 чэрвеня збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Палітвязня Максіма Знака і яшчэ пяцярых адвакатаў пазбавілі ліцэнзій на чарговай атэстацыі ў Мінюсце

Максім Знак у судзе
Максім Знак у судзе

8 чэрвеня Кваліфікацыйнай камісіяй па пытаннях адвакацкай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь праведзена чарговая атэстацыя адвакатаў Мінскай гарадской, Мінскай абласной, Гомельскай абласной калегій адвакатаў.

Па выніках атэстацыі Кваліфікацыйнай камісіяй прыняты рашэнні аб немагчымасці выканання адвакатамі Дравіцай, Праўдзікавым сваіх прафесійных абавязкаў з прычыны недастатковай кваліфікацыі.

Спынены дзеянні ліцэнзій Бараноўскага, Лебедзева, Стэльмашук «з прычыны недастатковай кваліфікацыі», Знака «у сувязі з выключэннем з Мінскай абласной калегіі адвакатаў у сувязі з уступленнем у законную сілу прысуду суда аб прызнанні адваката вінаватым ва ўчыненні наўмыснага злачынства».

Палітзняволенага жлобінца Яўгена Зашчытава збіраюцца пераводзіць на турэмны рэжым 

Па інфармацыі праваабаронцаў, 10 чэрвеня ў судзе г. Наваполацка будзе разгледжана справа аб узмацненні рэжыму ўтрымання жлобінцу Яўгену Зашчытаву і пераводзе яго ў турму.

Яўген — жыхар Жлобіна, асуджаны на 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму па арт. 364 КК (Гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі).Першапачаткова яго хацелі абвінаваціць у арганізацыі або актыўным ўдзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт. 342 КК), аднак следства так і не змагло сабраць неабходных доказаў. Справа датычылася падзей у Жлобіне 9 жніўня 2020, калі людзі выйшлі на акцыю пратэтсу супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.

Падтрымайце Яўгена лістамі салідарнасці: ПК № 1, 211440, г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8, Яўген Мікалаевіч Зашчытаў

Адвакат Віталь Брагінец не выйшаў з «сутак». Lawyers for Lawyers і CCBE патрабуюць яго вызваліць

У сумесным лісце Lawyers for Lawyers і Савет адвакатур і юрыдычных таварыстваў Еўропы (CCBE) ад 8 чэрвеня зрабілі сумесную заяву з нагоды затрымання адваката Віталя Брагінца і крымінальнай справы, узбуджаных у дачыненні да адваката Андрэя Мачалава.

Арганізацыі паведамляюць, што ў выніку адміністрацыйнага арышту Брагінец будзе пазбаўлены ліцэнзіі адваката і права на выкананне сваіх прафесійных абавязкаў у якасці адваката, а прад'яўленыя Мачалаву абвінавачванні з'яўляюцца неабгрунтаванымі і хутчэй звязаныя і служаць незаконнаму спыненню яго законнай дзейнасці ў якасці адваката.

Нагадаем, адвакат Віталь Брагінец быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ зранку 23 траўня на выхадзе з дома. Пазней яго даставілі ў Партызанскае РУУС «для праверкі на датычнасць да пратэснай дзейнасці». Адтуль ён, як сцвярджалася ў судзе, «паспрабаваў сысці». У гэтым і выявілася непадпарадкаванне. На яго склалі пратакол па арт. 24.3 КаАП і арыштавалі на 15 сутак. На волю ён мусіў выйсці ўвечары 7 чэрвеня, але гэтага не адбылося.

Гродзенскае абласное грамадскае аб'яднанне былых малалетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі

Такое рашэнне прыняў Гродзенскі абласны суд 17 траўня 2022 года.

Інфармацыя дапаўняецца.

Крыніца: Ціск на адвакатаў і новыя затрыманні: хроніка пераследу 9 чэрвеня Дапоўнена