Таццяна Вадалажская. У судзе Заводскага раёна Мінска на 7 чэрвеня прызначаны разгляд крымінальнай справы каардынатаркі "Лятучага ўніверсітэту", палітзняволенай Таццяны Вадалажскай, якую абвінавачваюць па ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Справу будзе разглядаць суддзя Алег Каляда. Таццяна Вадалажская — вядомы сацыёлаг, з’яўлялася эксперткай аналітычнай групы Агенцтва гуманітарных тэхналогій, каардынатаркай "Лятучага ўніверсітэту", працавала аналітыкам у Цэнтры еўрапейскай трансфармацыі.

Вадалажскую затрымалі 4 жніўня 2021 г. пасля вобшуку на кватэры і змясцілі 10 сутак на Акрэсціна, пасля чаго адпусцілі ў статусе падазраванай паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса пад падпіску аб невыездзе.

А 23 сакавіка 2022 года, калі Таццяна падала хадайніцтва ў Следчы камітэт з просьбай аб дазволе выехаць у Літву на лячэнне і прыйшла да следчага па адказ на сваё хадайніцтва, ёй была прад'яўлена пастанова аб заключэнні пад варту.

Да суда Вадалажская ўтрымлівалася ў СІЗА №1 Мінска.

Крыніца: Пачынаецца суд над каардынатаркай "Лятучага ўніверсітэту" і эксперткай Таццянай Вадалажскай