У Мінскім гарадскім судзе сёння, 6 чэрвеня, распачынаецца суд па справе "Буслы ляцяць" над палітвязнямі Аляксеем Іванісавым і Аляксеем Гамезам, а таксама Мікалаем Біблісам, Андрэем Будаем, Аляксандрам Мураўёвым, Аляксандрам Сідарэнкам. Справу будзе разглядаць Анастасія Папко. У залежнасці ад ролі кожнага ім у розным спалучэнні інкрымінаваныя: ч. 1 арт. 342 (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 2 арт. 290-4 (удзел у тэрарыстычнай арганізацыі), ч. 1 арт. 359 (акт тэрарызму ў адносінах да дзяржаўнага дзеяча); ч. 1 арт. 218 (наўмыснае пашкоджанне чужой маёмасці), ч. 3 арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці), ч. 3 арт. 361 (заклікі да санкцыяў) Крымінальнага кодэкса.
Згодна версіі абвінавачвання, 4 сакавіка 2021 года ўдзельнікі групы пашкодзілі аўтамабіль, які належыць суддзі Барысаўскага раёна: аблілі фарбай кузаў транспартнага сродку, прабілі чатыры колы; у перыяд з 14 па 15 сакавіка 2021 года адзін з абвінавачаных пашкодзіў чатыры шыны аўтамабіля, які належыць грамадскаму актывісту-карэспандэнту рэспубліканскага СМІ; 8 красавіка 2021 года фігуранты кінулі камень у акно кватэры, дзе пражывае супрацоўнік пракуратуры горада Мінска з малалетнім дзіцем; 22 траўня 2021 года аналагічныя злачынныя дзеянні здзейсненыя ў дачыненні да грамадскай актывісткі, якая падтрымлівае дзеючую ўладу; у перыяд з 2 па 15 чэрвеня 2021 года абвінавачаныя пашкодзілі і знішчылі сістэму відэаназірання, усталяваную ў Фрунзенскім раёне сталіцы.
"У сваёй злачыннай дзейнасці абвінавачаныя выкарыстоўвалі мноства сродкаў канспірацыі, у тым ліку маскі і вопратку цёмных колераў без адметных прыкмет, не выкарыстоўвалі мабільныя тэлефоны, хавалі свае транспартныя сродкі, будучы ўпэўненымі ў сваёй ананімнасці і беспакаранасці.
Пры расследаванні вывучаныя асобы ўсіх шасці абвінавачаных-мужчыны працавалі ў розных сферах эканомікі, займаючы ў тым ліку кіруючыя пасады, не судзімыя, амаль у кожнага маюцца малалетнія дзеці. Абвінавачаныя пазнаёміліся паміж сабой на так званых "дваровых чаяваннях", пасля чаго размаўлялі ў асобным закрытым Telegram-чаце", – паведамляюць у Следчым камітэце.
Затрымалі фігурантаў справы напрыканцы верасня-пачатку кастрычніка мінулага году. Праз месяц – 30 лістапада 2021 года – Вярхоўны суд прызнаў аб'яднанне "Супраціў", у якое ўваходзіць групоўкі "Кібер-партызаны", "Дружина народной самообороны – ДНС" і "Буслы ляцяць", тэрарыстычным.
Перад судом, 13 траўня гэтага года, стала вядома, што Аляксея Іванісава і Аляксея Гамезу, а таксама Андрэя Будая і Аляксандра Мураўёва ўнеслі ў "тэрарыстычны спіс" КДБ. Падставай для ўключэння іх у спіс паслужыла прад'яўленае ім абвінавачанне па артыкуле 359 Крымінальнага кодэкса Беларусі (акт тэрарызму ў дачыненні да дзяржаўнага або грамадскага дзеяча),
Інфармацыя будзе дапаўняецца.