У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў. Незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Наталлю Ганчарэнку з Мінска прымусілі пакаяцца

Наталля Ганчарэнка
Наталля Ганчарэнка

У Мінску затрымалі 32-гадовую Наталлю Ганчарэнку. У «пакаяльным відэа» яна «прызнаецца» ў тым, што перакрывала рух транспарту падчас жнівеньскіх акцый пратэсту ў 2020 годзе, была падпісаныя на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы, а таксама зарэгістравалася ў плане «Перамога».

У Віцебску падманам арыштавалі Ігара Кашлача

У Віцебску за падпіску на «экстрэмісцкія інфармацыйныя крыніцы» затрымалі Ігара Кашлача. Ёсць дадзеныя, што цяпер ён знаходзіцца ў Кастрычніцкім РАУС Віцебска, куды затрыманы прыйшоў сам, бо першапачаткова яго выклікалі туды, каб апытаць з нагоды асацыяльных і амаральных паводзінаў суседзяў з ягонага ж пад'езда.

Вольгу Елісееву аштрафавалі за ўдзел у карагодзе і канфіскавалі тэлефон

Вольга Елісеева
Вольга Елісеева

Стала вядома, што маці шасцярых дзяцей Вольгу Елісееву пасля двух сутак утрымання ў ІЧУ аштрафавалі на 10 базавых велічынь і канфіскавалі тэлефон. Нагадаем, у суботу беларусы, якія захапляюцца старажытнымі абрадамі, сабраліся на беразе Дняпра, каб правесці паганскі баявы карагод, але ім перашкодзіў АМАП. Было затрымана 6 мужчын і 14 жанчын, сярод якіх была і Вольга Елісеева.

Telegram-чат «МАЗ 97%» прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем»

МАЗ 97%

МУС прызнала «экстрэмісцкім фармаваннем» telegram-чат «МАЗ 97%». Згодна з інфармацыяй ведамства, у яго структуру таксама ўваходзіць telegram-чат «МАЗ для жизни».

Крыніца: Затрыманне за падпіскі, штраф за карагод і прызнанне пад прымусам: хроніка пераследу 31 траўня