Святлана Фірсава У судзе Полацка і Полацкага раёна 20 траўня вынесены прысуд па крымінальнай справе жыхаркі гарадскога пасёлка Ветрына Святланы Фірсавай. Яе абвінавацілі паводле ч.1 арт.368 Крымінальнага кодэксу за каментар у інтэрнэце да відэа з прамовай Аляксандра Лукашэнкі, створаны яшчэ ў 2021 годзе.

Справу разглядаў суддзя Уладзімір Бясецкі. Дзяржабвінаваўца - старшы памочнік пракурора Вольга Коласава.

Па матэрыялах абвінавачання Святлана Фірсава 30 жніўня 2020 года, а таксама 30 ліпеня 2021 года "пад уплывам ідэі сацыяльнай нецярпімасці да прадстаўнікоў улады, выкарыстоўваючы мэсэнжэр у Тэлеграм, размясціла наўмысна ў чаце "Полацк-Наваполацк для жыцця" тэкставыя паведамленні з выкарыстаннем ненарматыўнай формы маўленчага выказвання, якія публічна абразілі прэзідэнта Аляксандра Лукашэнку.

На папярэднім судовым пасяджэнні абвінавачанне запрасіла Фірсавай два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і штрафу па першым прысуде 6400 рублёў.

У Полацку за абразу прэзідэнта судзяць Святлану Фірсаву: пракурор просіць два гады пазбаўлення волі

У праваабаронцаў ёсць звесткі, што супраць яе спрабавалі распачаць яшчэ адну крымінальную справу – паводле артыкулу 130 Крымінальнага кодэксу («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варажнечы»).

У апошнім слове абвінавачаная папрасіла прабачэння за нанесеныя абразы, прасіла прызначыць пакаранне не звязанае з пазбаўленнем волі, каб клапаціцца пра бацькоў і працаваць.

Суд прызнаў Фірсаву вінаватай і прызначыў пакаранне адпаведна прапанове абвінавачання - два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і штрафу па першым прысуде 6400 рублёў.

Крыніца: Полацк: за абразу прэзідэнта - два гады калоніі агульнага рэжыму Святлане Фірсавай