У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, а таксама прызнанне незалежных медыяпрадуктаў экстрэмісцкімі матэрыяламі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу. Стала вядома, што беларускія ўлады прызналі «экстрэмісцкай» інфармацыйную прадукцыю сайта MOST, а таксама ягоныя суполкі ў VK, Facebook і канал ў Telegram. Адпаведнае рашэнне датавана 28 красавіка, і вынес яго суд Ленінскага раёна Гродна.
Папаўненне ў спісе «экстрэмістаў»
MOST — гэта каманда беларускіх журналістаў, якія ў змушанай эміграцыі знаходзяцца ў польскім Беластоку расказываюць пра падзеі, якія адбываюцца на скрыжаванні Беларусі і Польшчы.
- Таксама экстрэмісцкімі прызнаныя матэрыялы:
- Telegram-канала і telegram-чата «Водители 97»;
- Instagram-старонкі «kitakittycat»;
- Telegram-канала «Народная Самооборона!»;
- Telegram-канала «Кибер-партизаны чат».
Па патрабаванні Генпракуратуры РФ у Расіі заблакавалі The Village Беларусь. Падставай для гэтага назвалі артыкул аб абстрэле вакзалу ў Краматорску, дзе загінулі 50 чалавек. Генпракуратура палічыла гэткую інфармацыю «ілжывымі паведамленнямі аб актах тэрарызму», якія ствараюць пагрозу «жыццю і здароўю грамадзян».
Ціск на палітвязняў
Адміністрацыя калоніі №3 (Віцьба) змясціла палітвязня Мікіту Траццякевіча ў штрафны ізалятар. З якой нагоды і на які тэрмін - не паведамляецца.
Нагадаем, байкера з Мінска затрымалі напрыканцы кастрычніка і абвінавацілі ў гвалце ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі (арт. 364 КК). Інцыдэнт адбыўся 19 верасня каля ТЦ «Еўропа», калі невядомыя сталі затрымліваць аднаго з матацыклістаў, а астатнія пачалі яго абараняць. Таксама тады былі затрыманыя Мікіта Афанасьеў і Андрэй Іванюшын, якіх праваабаронцы таксама прызналі палітвязнямі.
26 лютага ў судзе Савецкага раёна Мінска Мікіце Траццяковічу прысудзілі 3 гады калоніі агульнага рэжыму.
Падтрымайце Мікіту лістамі салідарнасці. Адрас такі: ПК №3, 211322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба, Мікіце Андрэевічу Траццякевічу
Новыя затрыманні і сведчанні «палітычнага» ціску на беларусаў
Праваабаронцы даведаліся, што да жыхароў Вілейкі прыходзяць з так званымі «прафілактычнымі» гутаркамі. Адбываецца гэта наступным чынам: прыходзіць участковы, паведамляе чалавеку пра тое, што ён «палітычна ненадзейны», і просіць падпісаць паперы пра тое, што яго «папярэдзілі».
Сілавікі затрымалі настаўніка матэматыкі, які дасылаў смс-паведамленні аб перасоўванні расійскай вайсковай тэхнікі на тэлефонны нумар тэлеканала «Белсат». З затрыманым мужчынам праўладны тэлеграм-канал запісаў «пакаяльнае» відэа. Паведамляецца, што ў адносінах да настаўніка ўзбуджана крымінальная справа па артыкуле 361-4 «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Яму пагражае да шасці гадоў пазбаўлення волі.
Стала вядома, што за ўдзел у акцыі пратэсту 2020 года ГУБАЗіК затрымаў 23-гадовую дызайнерку Аліну Каўтуноўскую. Паведамляецца, што на дзяўчыну паскардзіўся «неабыякавы грамадзянін», нібыта «у 2020-м годзе з-за такіх як яна ён не мог праехаць у горадзе».
Крыніца: Ціск на палітвязняў, новыя «экстрэмісты» і затрыманні. Хроніка пераследу 16 траўня