У судзе Савецкага раёна Гомеля 14 траўня вынесены прысуд Івану Чарнаморчанку. Яго абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцу дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак альбо актыўным удзеле ў іх (ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).
Справу разглядаў суддзя Аляксандр Мохараў.
Да суда Іван Чарнаморчанка быў змешчаны ў Следчы ізалятар №3 Гомеля.
Суд палічыў што такімі дзеяннямі стаў пост у адным з тэлеграм-каналаў ў 2020 годзе з заклікам "Падпальваем табакеркі!".
У судзе Чарнаморчанка віну ў здзейсненым прызнаў цалкам.
Ягоная абаронца ў судзе настойвала на тым, што сувязі паміж паведамленнем і пашкоджаннямі кіёскаў адсутнічае, а лінгвістычная экспертыза ўстанавіла, што ў паведамленні "няма закліку да распальвання сацыяльнай варожасці", паведамляе тг-канал "Позірк. Навіны пра Беларусь".
Тым не меней суддзя Мохараў прызнаў жыхара Гомеля вінаватым і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на адзін год у калоніі агульнага рэжыму.
Крыніца: За заклік "Падпальваем табакеркі!" гамяльцу прысудзілі год калоніі